Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 красавіка 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

На працэс над Міхалам Чыгіром былі дастаўленыя два былыя прадпрымальнікі, якія адбываюць пакараньне ў беларускіх калёніях за невяртаньне крэдытаў. Акрамя пацьверджаньня невінаватасьці Чыгіра, яны далі паказаньні, якія ня ў лепшым сьвятле выстаўляюць сьледчых у справе экс-прэм'ера.

З'яўленьню ў судзе ў якасьці сьведкаў былых прадпрымальнікаў, а цяпер арыштантаў Корбы й Шпіндлера папярэднічала доўгая слоўная дуэль паміж абаронаю Чыгіра й пракурорам Віктарам Жынгелем.

Адвакаты экс-прэм'ера былі ня супраць таго, каб заслухаць гэтых сьведкаў, але не хавалі свайго зьдзіўленьня: навошта губляць час? Яны тлумачылі, што і справа Корбы, і справа Шпіндлера хоць і маюць пэўнае дачыненьне да "Белаграпрамбанку", якім кіраваў да 1994 году Міхал Чыгір, але гэтыя справы даўно разгледжаныя. Вінаватыя ў раскраданьні крэдытных грошай знойдзеныя, прызналі сваю віну й адбываюць пакараньне. Адзін – Корба, які скраў крэдыт фірме "МСТ" у 200 тысячаў даляраў, – сядзіць у шклоўскай калёніі, другі – Шпіндлер, вінаваты у зьнікненьні грошай за 15 джыпаў, – атрымаў 10 гадоў і знаходзіцца ў гарадзенскай калёніі.

Але сьледчыя бачаць сувязь паміж Чыгіром і асуджанымі махлярамі, і вось пракурор Жынгель настаяў, каб на чыгіроўскі працэс былі прывезеныя з калёній Корба й Шпіндлер.

Апытаньне гэтых сьведкаў выклікала ў зале і праявы спачуваньня, і сьмех, а напрыканцы – небясьпеку за далейшы лёс сьведкаў. Былы прадпрымальнік Шпіндлер быў нагэтулькі стомлены, што ледзь трымаўся на нагах. Пры гэтым канваіры не дазвалялі яму прытуліцца да бар'ера побач з лаваю.

Другі асуджаны, Корба, уразіў не зламаным у турэмных умовах духам. На пытаньне судзьдзі "дзе Вы цяпер жывяце?", Корба пажартаваў – "у санаторыі імя Лукашэнкі". Аказваецца, гэтак асуджаныя называюць сваю калёнію ў Шклове.

А па сутнасьці паказаньняў, абодва цалкам пацьвердзілі тое, пра што казала абарона. І Корба, і Шпіндлер заявілі, што асабіста банкір Чыгір ня меў аніякага дачыненьня да іхнае дзейнасьці. Аднак некаторыя заявы сьведкаў прыцягнулі асаблівую ўвагу. Георгі Шпіндлер, напрыклад, сказаў, што сьледзтва ў ягонай справе нічога не зрабіла, каб знайсьці джыпы, якія ён прысвоіў, а потым у яго іх забралі невядомыя мафіёзі. Шпіндлер ня ведае гэтых людзей, але ён ведае, што знайсьці іх няцяжка, бо бальшыня джыпаў без праблемаў езьдзіць па Беларусі.

Яшчэ цікавы момант – Шпіндлер назваў прозьвішча свайго былога намесьніка, палкоўніка міліцыі Балкунова. Чамусьці гэтага чалавека нават не прыцягнулі да адказнасьці за тую самую справу, за якую пасадзілі Шпіндлера.

Зьдзівілі прысутных і паказаньні асуджанага Корбы. Аказваецца, нядаўна да яго ў шклоўскую калёнію прыяжджаў наведвальнік з пытаньнямі наконт крэдыту ад "Белаграпрамбанку". Корба заявіў, што так і не зразумеў – гэта быў пасланец крымінальных ці праваахоўных структураў? – але зрабіў выснову, што нехта быў бы ня супраць прыдумаць новую вэрсію справы, па якой ён быў асуджаны.

Падводзячы вынік слуханьняў, абаронца Чыгіра Гары Паганяйла заявіў, што збыліся ўсе ягоныя папярэджаньні. "Мы маем справу з прэюдыцыйнымі фактамі, у чым і пераканаўся суд. Гэта значыць, што вінаватыя ў эпізодах пра зьнікненьне крэдытаў ужо высьветленыя, і вяртацца да гэтых справаў наш працэс проста ня мае права. А сьледзтва, настойваючы на сваіх абвінавачваньнях Чыгіра ў гэтых эпізодах, проста расьпісалася ў сваёй прадузятасьці", – гэтак лічыць абаронца Чыгіра Гары Паганяйла.

XS
SM
MD
LG