Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 красавіка 2000 г.


Вольга Караткевіч

Сёньня ў 17 гадзін ў Варшаве каля будынку расейскай амбасады адбыўся пікет супраць інкарпарацыі Беларусі. Арганізатар – Малады Фронт, дэмакратычныя сілы Польшчы. Вольга Караткевіч зьвязалася з Варшавай.

У пікеце бралі ўдзел некалькі дзесяткаў чалавек. Пікетоўцы крытыкавалі дзеяньні беларускіх і расейскіх уладаў, ськіраваныя на паглынаньне Беларусі. У акцыі ўзялі ўдзел польскія маладыя дэмакраты, маладыя кансэрватары, прадстаўнікі Рэспубліканскай лігі. На акцыю быў запрошаны лідэр БНФ Зянон Пазьняк.

Дарэчы, учора, ў Дзень так званага яднаньня Беларусі і Расеі, Зянон Пазьняк зьвярнуўся зь лістом да суайчыньнікаў у Беларусі і за межамі Бацькаўшчыны. Свой зварот Зянон Пазьняк назваў "Ня будзе Расея пляваць нам у твар"… Жорстка асуджаючы дзеяньні ўладаў 25-га сакавіка, спадар Пазьняк зьвярнуў увагу на немагчымасьць ніякіх дыялёгаў ці перамоваў з рэжымам і адзначыў, што Незалежнасьць і свабода Бацькаўшчыны – найвышэй. Цытую "Сябе й свае правы бароніць і зьвер. Чалавекам ёсьць той, хто бароніць Бацькаўшчыну…"

З прамовай да прысутных выступіў і адзін з арганізатараў маладафронтавец Ігар Банцар.

25-га сакавіка, калі ў Менску былі затрыманыя польскія палітыкі, мы зьвязаліся з дэпутатам польскага Сэйму Марыюшам Камінскім беспасярэдне ў месцы затрыманьня – памяшканьні вайсковага аддзяленьня Белпалку. Спадар Камінскі выказаў абурэньне беспардоннасьцю ўладаў Беларусі. Сёньня польскі дэпутат выступаў на акцыі ў падтрымку незалежнай Беларусі.

(Камінскі: ) "Польшча глядзіць на гэта ўсё зь вялікай заклапочанасьцяй. Я думаю, што барацьба ў Беларусі за дэмакратыю і правы чалавека – гэта й змаганьне за незалежнасьць і сувэрэнітэт краіны. З занепакоенасьцяй мы назіраем за ступенем русыфікацыі дзяржаўнай адміністрацыі і рэжыму Лукашэнкі. Нас абурае факт, што беларускія дзеці ня могуць вучыць сваю родную мову. Разумеем, чым кіруецца беларуская апазыцыя. Тое, што мы бачым, мы падтрымліваем. Цяпер у Чачні адбываецца жудасная адкрытая вайна. Але ў Беларусі таксама вайна. Прыхаваная вайна за незалежнасьць".

На сувязі з Варшавы пад час пікету ля расейскай амбасады быў дэпутат Польскага сэйму Марыюш Камінскі. Які дадаў, што сваімі антызаконнымі і антынацыянальнымі дзеяньнямі беларускія ўлады вельмі эфэктыўна пашыраюць кола паплечнікаў беларускіх адраджэнцаў за межамі Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG