Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 сакавіка 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Службовая праверка па фактах масавага затрыманьня журналістаў у Менску 25 сакавіка, распачатая службай уласнай бясьпекі Міністэрства ўнутраных справаў, праўдападобна, будзе скончаная на наступным тыдні. Чыноўнікі МУС прызнаюць, што ў захопе ды інтэрнаваньні прадстаўнікоў беларускіх і замежных мас-мэдыяў пад час сьвяткаваньня Дня Волі вінаватыя супрацоўнікі іх ведамства.

Пра гэта нашаму Радыё паведаміў прэсавы сакратар Міністэрства ўнутраных справаў Дзьмітры Партон.

Сп. Партон адмовіўся сказаць, на якой стадыі цяпер знаходзіцца расьсьледаваньне, што праводзіць група супрацоўнікаў міністэрства пад кіраўніцтвам начальніка ўправы ўласнай бясьпекі МУС палкоўніка Карпейчыка. Маўляў, гэта таямніца сьледзтва, і з боку прэсавага сакратара было б, нібыта, неэтычна паведамляць пра вынікі працы групы да заканчэньня афіцыйнага расьледваньня.

Дзьмітры Партон таксама пакінуў без камэнтароў вэрсію, апублікаваную ўчора "Беларускай Дзелавой Газэтай", згодна зь якой апэрацыяй па захопу журналістаў і дыпляматаў кіраваў першы намесьнік міністра ўнутраных справаў Міхаіл Удовікаў з дазволу свайго апекуна, сакратара Рады Бясьпекі Віктара Шэймана. Мэтай гэтай акцыі, паводле сьцьверджаньня БДГ, была дэскрэдытацыя й наступная адстаўка міністра Сівакова.

Тым часам рэакцыя беларускіх уладаў на факт затрыманьня міліцыяй вялікай групы журналістаў пастаянна карэктуецца. Калі ў сыботу дзяржаўныя СМІ паведамлялі, што Аляксандар Лукашэнка станоўча ацаніў дзеяньні сілаў МУС па так званым "навядзеньні парадку ў Менску 25 сакавіка", то ўчора Лукашэнка быццам бы й ня быў такім адназначным у высновах і сказаў, што будзе разьбірацца ў сытуацыі па вяртаньні з паездкі ў Арабскія Эміраты.

А прэм'ер-міністар Уладзімір Ярмошын дык і ўвогуле заявіў, што затрыманьне журналістаў "ня робіць гонару праваахоўчым ворганам краіны". Паводле словаў Ярмошына, улады шкадуюць аб непрыемным інцыдэнце і спадзяюцца, што супрацоўнікі МУС будуць"больш узважліва" ставіцца да працы журналістаў, калі адбываюцца нейкія падзеі.

Прэсавы сакратар МУС таксама не адмаўляе віны супрацоўнікаў свойго ведамства. Гаворыць Дзьмітры Партон:

(Партон: ) "Нехта вінаваты, але я не магу сказаць, што ўнутраныя войскі, ці кіраўніцтва, ці шэраговец Пятроў. Вы ўвесь час хочаце, каб я сказаў хто. Я ня ведаю – хто. Я там ня быў пад час самой заварухі, я ня бачыў. А вынікі расьсьледаваньня мне не вядомыя".

Прэсавы сакратар Міністэрства ўнутраных справаў паабяцаў даць нашаму Радыё ўсе неабходныя камэнтары, калі будзе скончана афіцыйнае расьсьледаваньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG