Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 сакавіка 2000 г.


Максім Лукашэвіч

У нас на сувязі ў Парыжы Лары Кільман, дырэктар Сусьветнай Асацыяцыі Прэсы і Сусьветнага Рэдактарскага Форуму (WAN end WEF) па сувязях з грамадзкасьцю.

(Карэспандэнт: ) "Які мэханізм Вы ўжылі, каб перадаць беларускім уладам свой пратэст?"

(Кільман: ) "Мы непасрэдна паслалі ліст да Лукашэнкі, у якім патлумачылі, што мы прадстаўляем 17 тысячаў газэтаў па ўсім сьвеце.
Мы паведамілі Лукашэнку, што мы ведаем сытуацыю ў Беларусі, што яна нас не задавальняе, і што мы заклікаем яго зрабіць некаторыя зьмены. Мы заклікалі яго расьсьледаваць выпадкі арыштаў журналістаў і пакараць вінаватых. Мы заклікалі таксама нашых членаў зьвярнуцца ня толькі да Лукашэнкі, але і да прадстаўнікоў сваіх урадаў, якія маюць дачыненьні з Беларусьсю. Мы ўважаем гэта эфэктыўным спосабам дасягненьня вынікаў, і калі амбасадары спаткаюцца з прадстаўнікамі беларускіх уладаў, яны ўздымуць і гэтыя пытаньні".

(Карэспандэнт: ) "Як вы даведаліся пра затрыманьні журналістаў?"

(Кільман: ) "Затрыманьне 35 журналістаў было навіной ня толькі для Беларусі. У сьвеце было вельмі шмат паведамленьняў пра гэта".

(Карэспандэнт: ) "Ці выступалі вы раней з аналягічнымі пратэстамі, і калі так, дык калі?"

(Кільман: ) "У красавіку летась мы заявілі падобны пратэст. Тады мы заклікалі прэзыдэнта Лукашэнку перастаць пагражаць незалежным газэтам. Тады ўрад націскаў на прэсу, пагражаючы зачыніць 6 газэтаў за тое, што яны апублікавалі матэрыялы пра альтэрнатыўныя прэзыдэнцкія выбары. Гэта быў апошні наш пратэст, накіраваны на адрас Беларусі".

(Карэспандэнт: ) "У Беларусі націск на прэсу працягваецца ўжо даўжэйшы час. Ці атрымалі Вы тады адказ?"

(Кільман: ) "Адказу мы не атрымалі. Вы маеце рацыю, што гэта працяглая гісторыя, і Беларусь знаходзіцца ў сьпісе з 15 краінаў, за якімі мы вельмі пільна сочым. Мы ўважаем гэтыя краіны сур'ёзнымі парушальнікамі свабоды прэсы, і лічым, што можам неяк дапамагчы сваім умяшаньнем. У выпадку Беларусі няма ніякіх сумненьняў, што ўлады зьяўляюцца сур'ёзнымі парушальнікамі свабоды прэсы".

Гутарыў

XS
SM
MD
LG