Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 30 сакавіка 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Падаем падрабязнасьці сёньняшніх судовых працэсаў над затрыманымі пад час сьвяткаваньня Дня Волі 25 сакавіка ў Менску.

Сёньня ў Савецкім райсудзе Менску першай была разгледжаная справа намесьніка старшыні Беларускага Народнага Фронту Вячаслава Сіўчыка.

Судзьдзя Іна Шэйко пасьля прагляду відэастужкі засудзіла Вячаслава Сіўчыка, як арганізатара несанкцыянаванага шэсьця па вуліцы Веры Харужай, да 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Вячаслава адразу схапілі міліцыянты і пацягнулі ў варанок, каб адвезьці ў пастарунак. Ён там будзе ўтрымлівацца некалькі гадзінаў, і толькі позна ўвечары яго адвязуць у спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік на вуліцы Акрэсьціна.

Пасьля гэтага запрацаваў так званы "канвеер" судовых працэсаў над удзельнікамі палітычнай акцыі.

Андрэй Небышынец атрымаў пакараньне ў выглядзе штрафу памерам 44 тысячы рублёў.

Сяргей Селязень і Сяргей Саўчыц атрымалі папярэджаньні.

А вось справа Алега Гітліца ў судзе была спыненая з-за адсутнасьці складу правапарушэньня. Гэта ўжо чацьв ертая справа з 72-х, узбуджаных за ўдзел у апазыцыйнай акцыі 25 сакавіка, што спыненая ў выніку судовага разбіральніцтва.

Суддзя Аксана Рэлява вынесла папярэджанне Сяргею П'яных.

За судовымі паседжаньнямі сёньня назіраў Валянцін Гефтэр, сябра праваабарончага цэнтру "Мэмарыял", выканаўчы дырэктар інстытуту правоў чалавека ў Маскве. Пра свае ўражанні ён распавёў Радыё Свабода:

(Гефтэр: ) "Я размаўляў са старшынёй суда, высьвятляў, што, на ягоную думку, насамрэч адбывалася: мітынг, сход альбо шэсьце. А па-другое, гэта паказаньні прадстаўнікоў праваахоўчых аорганаў, якія ўвесь час разыходзяцца з паказаньнямі іншых сьведкаў, супярэчаць самі сабе.

Потым я быў на працэсе Сяргея П'яных, які вяла суддзя Аксана Рэлява. Гэты чалавек быў на вуліцы Варвашэні а 12-й гадзіне, а гэта далёка ад плошчы Я.Коласа. Адтуль ён ішоў на плошчу Бангалёр, дзе быў дазволены мітынг і, такім чынам, ніякага правапарушэння не ўчыніў. Гэта пацьвердзілі ўсе сьведкі. Але міліцыянты кажуць, што затрымалі яго на плошчы. Аб'ектыўна відаць, што П'яных кажа праўду, асабліва калі ўлічыць, як складаліся пратаколы, хто пісаў рапарты, чаму яны напісаныя адной рукой".

Потым я быў на працэсе над Сяргеем Селязьнем. Складваецца ўражанне, што супрацоўнікі міліцыі затрымлівалі людзей ня толькі на плошчы… Я лічу, што гэта была акцыя застрашаньня. Ня трэба было ехаць у суд, каб здагадацца, што ніякай пагрозы грамадзкаму парадку людзі на плошчы ня неслі.

Улады самі ствараюць падставу для таго, каб абвінавачваць людзей у правапарушэньнях. Для гэтага дастаткова назваць нейкае мерапрыемства несанкцыянаваным, і усё. Самае галоўнае, што супрацоўнікі праваахоўчых ворганаў самі парушаюць заканадаўства і самі ўцягваюць ахвяраў свайго перасьледу ў неправавыя разьбіральніцтвы".

Паведаміў выканаўчы дырэктар Інстытуту правоў чалавека ў Маскве Валянцін Гефтэр.

XS
SM
MD
LG