Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 сакавіка 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Правядзеньне дэмакратычных выбараў у Беларусі гэтай восеньню пасьля падзеяў 25 сакавіка робіцца абсалютна немагчымым. Да такое высновы адзінагалосна прыйшлі ўдзельнікі паседжаньня Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў, якое адбылося сёньня ў Менску.

Сёньняшьняе паседжаньне было адным зь нямногіх, на якім думкі ўсіх ягоных удзельнікаў фактычна супалі. Усе, нават прадстаўнікі Партыі камуністаў Беларускай, сябры якой ігнаруюць сьвята 25 сакавіка, пагадзіліся з тым, што забарона на правядзеньне ў гэты дзень у некаторых гарадох шэсьцяў і мітынгаў зьяўляецца наўпроставым парушэньнем ня толькі міжнародных абавязкаў у справе выкананьня правоў чалавека, узятых на сябе Рэспублікаю Беларусь, але й беларускага заканадаўства, якое не дае мясцовым уладам права адвольна забараняць акцыю, або мяняць ейны від.

Прадстаўнікі кожнае партыі прызналі й беспрэцэдэнтны характар гвалту над удзельнікамі мірнай акцыі на вуліцах Менску. Усе пагадзіліся, што цынічная расправа над мірнымі грамадзянамі ў Менску напярэдадні гэтак званага "шырокага дыялёгу" недвухсэнсоўна засьведчыла як беларускаму грамадзтву, гэтак і міжнароднай супольнасьці, што рэжым Лукашэнкі не зьбіраецца ані стварыць у грамадзтве клімат даверу, ані йсьці на перамовы пра мірны пераход да дэмакратыі. Адсюль і галоўная выснова заявы, якую адзінагалосна прынялі прадстаўнікі палітычных партыяў – правядзеньне дэмакратычных выбараў гэтай восеньню ў такой сытуацыі немагчымае.

Вось як камэнтуе гэтую выснову Вінцук Вячорка, які старшыняваў на сёньняшнім паседжаньні:

(Вячорка: ) "Ёсьць важны сказ у канчатковай заяве, дзе пераказваюцца падзеі, іх храналёгія, падкрэсьліваюцца гранічна мірныя памкненьні заяўнікаў акцыі 25 сакавіка. Дык вось ёсьць ключавы сказ, які сьцьвярджае, што правядзеньне дэмакратычных выбараў у такой сытуацыі немагчымае. Вельмі важна, што гэты сказ гучыць зараз, бо цяпер абсалютна ясна (на ўчорашнім паседжаньні Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў было падкерэсьлена гэта), што часу наладзіць дэмакратычныя выбары ў дэмакратычнай атмасфэры паводле дэмакратычнай працэдуры ўвосень – ужо няма".

Кансультацыйная рада запатрабавала ад уладаў стварэньня камісіі дзеля расьледваньня падзеяў 25 сакавіка з удзелам грамадзкасьці й прадстаўнікоў апазыцыйных палітычных партыяў, а таксама прыцягненьня да адказнасьці ўсіх вінаватых у парушэньні закону й расправах над мірнымі грамадзянамі, у тым ліку міністра нутраных справаў Сівакова, былога й цяперашняга старшыняў Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту Ярмошына й Паўлава.

XS
SM
MD
LG