Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 29 сакавіка 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Сёньня ў Менску прайшло першае паседжаньне так званага грамадзка-палітычнага дыялёгу, ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам. У залі былі прадстаўнікі каля 90 грамадзкіх арганізацыяў, аднак апазыцыйныя партыі, за выключэньнем ПКБ, праігнанаравалі гэтую падзею. Ніякіх рашэньняў прынята не было.

На першае паседжаньне дыялёгу грамадзка-палітычных сілаў было вынесенае пытаньне аб праекце Рэглямэнту самога дыялёгу, аднак падзеі 25 сакавіка ў Менску, фактычна, адсунулі яго на другі плян.

Напярэдадні Ініцыятыўная група выступіла з патрабаваньнем вычарпальных тлумачэньняў ад уладаў пра масавыя затрыманьні грамадзянаў 25 сакавіка. З прапановай адмовіцца ад дыялёгу, пакуль ня будуць прыцягнутыя да адказнасьці вінаватыя за парушэньні правоў чалавека, выступілі й лідэры шэрагу жаночых арганізацыяў, якія заявілі, што "нельга весьці дыялёг пад прыцэлам вадамётаў і пад міліцэйскімі дубінкамі".

Ад удзелу ў дыялёгу адмовіўся Беларускі Гэльсынскі камітэт. З пратэстам з нагоды гэтых падзеяў ужо ў працэсе дыялёгу выступілі Вольга Абрамава, Алена Скрыган і Алег Трусаў, які пакінуў залу ў знак пратэсту супраць затрымання 25 сакавіка 30 сябраў Таварыства Беларускае Мовы.

Першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Уладзімер Русакевіч ва ўступным слове заявіў, што ўлада "спадзяецца зьнізіць узровень канфрантацыі ў грамадзтве". Пра падзеі 25 сакавіка Ўладзімер Русакевіч праінфармаваў прысутных, што адносна гэтага выпадку праводзіцца расьсьледаваньне, што афіцыйныя прадстаўнікі МУС выказалі прабачэньні журналістам і заклікаў распрацаваць дзейсныя мэханізмы, якія дазволілі б надалей пазьбегнуць падобнага.

Аднак на самі дэмаршы, зьвязаныя з падзеямі 25 сакавіка, Уладзімер Русакевіч адрэагаваў спакойна:

(Русакевіч: ) "У дыялёгу могуць удзельнічаць і ня ўдзельнічаць, гэта права ўдзельнікаў. Таму тут рэглямент, што ты павінен абавязкова уздельнічаць ці не, не падыходзіць, гэта права кожнага".

Такім чынам, ніякіх канкрэтных тлумачэньняў пра падзеі 25 сакавіка ад прадстаўнікоў уладаў не было. Русакевіч у размове з журналістамі заявіў, што ніякіх рэпрэсіяў у Менску, на ягоную думку, не было, і што найперш трэба як сьлед ва ўсім разабрацца.

Пра магчымасьць перамоваў уладаў і апазыцыі пры пасярэдніцтве АБСЭ, што патрабуюць дзевяць палітычных партыяў, аб'яднаных у Каардынацыйную раду, Уладзімер Русакевіч адказаў так:

(Русакевіч: ) "Ня ўсе патрабаваньні могуць быць выкананыя адразу, у краіне больш за тысячу грамадзкіх аб'яднанняў, і кожнае мае свае праблемы і патрабаванні…Будзем сустракацца".

Адзіным прадстаўніком Каардынацыйнае Рады апазыцыйных партыяў на першым паседжаньні дыялёгу была прадстаўніца КПБ Алена Скрыган. Яна так патлумачыла мэту свайго ўдзелу і першыя ўражанні:

(Скрыган: ) "Мы тут дзеля таго, каб данесьці свае погляды на тое, што адбываецца ў Беларусі, шырокаму колу яго ўдзельнікаў. Але я пачынаю разумець, што ня толькі вялікая колькасьць удзельнікаў не дазволіць дасягнуць якіх-небудзь мэтаў, але і тое, на што запраграмаваная з самага пачатку ўлада, ужо відно зь першых крокаў, што слова, мабыць, дадуць ня ўсім і зробяць так, каб ішло ў запраграмаваным рэчышчы.

Калі гэта так пойдзе, то нічога з гэтага не атрымаецца. У першую чаргу трэба дабіцца клімату даверу, калі яго ня будзе, то пра які дыялёг можа ісьці гутарка. А клімат даверу быў вельмі сапсаваны 25 сакавіка тым, што супраць мірных людзей, якія нічога не рабілі, былі прымененыя такія жорсткія меры".

Тым ня менш Алена Скрыган пасьля перапынку змагла выступіць на паседжаньні гэтага дыялёгу і прапанавала распачаць грамадзкае расьсьледаванне таго, што адбылося 25 сакавіка.

Аднак ніякіх фармальных рашэньняў пад час першага дзвюхгадзіннага пасяджэньня прынята не было, не змаглі нават выступіць усе жадаючыя. Наступная сустрэча прызначаная толькі праз два тыдні.

Гэта абурыла актывістку Ініцыятыўнае групы Вольгу Абрамаву, якая зазначыла, што такім чынам да 15 красавіка пытаньне пра Выбарчы кодэкс так і застанецца неразгледжаным.

XS
SM
MD
LG