Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 сакавіка 2000 г.


Волга Караткевіч

У мінулую нядзелю ў Злучынах Штатах Амэрыкі адбылася штогадовая цырымонія ўручэньня прэміяў Амэрыканскай Акадэміі кінамастацтваў "Оскар". Фільм "Амэрыканскае хараство" прызнаны лепшым кінапрадуктам мінулага году.

"Вельмі цяжка заставацца злым, калі наўкола такое хараство. Вы нават не ўяўляеце сабе, пра што я цяпер кажу, але аднойчы вы адчуеце гэта". – Гэтымі словамі Лестэра завяршаецца сцэнар сучаснай амэрыканскай трагедыі "Амэрыканскае хараство".

Аналітыкі прагназавалі, што фільм "Амэрыканскае хараство" атрымае "Оскара". Сэм Мэндэс, які больш вядомы ў Эўропе як тэатральны рэжысэр, атрымаў статуэтку за лепшую рэжысуру. Кевін Спэйсі – за лепшую мужчынскую ролю, а сцэнарыст Алан Бол – за лепшы арыгінальны сцэнар.

Паводле словаў Сэма Мэндэса, "Амэрыканскае хараство" пачалося для яго наступным чынам – упершыню Мэндэс прачытаў сцэнар у самалёце, калі з Лёс-Анджэлеса ляцеў у Ню-Ёрк. Прачытаўшы адзін раз, рэжысэр пачаў чытаць наноў. У аэрапорце Ню-Ёрку Мэндэс патэлефанаваў сваёй агентцы Бэт і паведаміў, што хоча здымаць фільм паводле гэтага сцэнару. Рэжысэр чытаў твор Алана Бола яшчэ некалькі разоў і акрэсьліў яго як "вынаходніцкая чорная камэдыя ці трагікамэдыя. Дэтэктыўная гісторыя з дакладным фіналам. Сур'ёзная гісторыя каханьня. Гісторыя пра турэмнае зьняволеньне, калі мы самі сябе саджаем у камэру са спадзяваньнем уцячы. Гэта была гісторыя пра прыгажосьць…"

У намінацыі "Лепшая жаночая роля" перамагла Хілары Свэнк - фільм "Хлопчыкі ня плачуць"… У гэтай карціне распавядаецца пра маладую жанчыну, якая выдае сябе за мужчыну. Яе згвалцілі і забілі, калі сакрэт быў выкрыты…" Дарэчы, гэта рэальнае здарэньне з жыцьця…

За выкананьне жаночай ролі другога пляну прэмію Оскар атрымала Энджэліна Джолі за фільм "Дзяўчына, якую спынілі". За лепшую мужчынскую ролю другога пляну ўзнагароджаны Майкл Кейн за ўдзел у фільме "Законы Дому Сідра".

Першай песьняй стала выкананая Філам Колінзам кампазыцыя ў фільме "Тарзан". За лепшыя музыку і мантаж узнагароджаныя Оскарам "Чырвоная скрыпка" і "Матрыца". Рэжысэры "Матрыцы" браты Вачоўскі таксама атрымалі галоўную прэмію амэрыканскай кінаакадэміі за візуальныя, гукавыя эфэкты і проста за гук. У гэтых катэгорыях намінаваліся "Зорныя войны", але нічога не атрымалі.

Яшчэ адной нечаканасьцяй стала тое, што прэмію за лепшы дакумэнтальны фільм не атрымаў фільм Віма Вэндэрса "Social Club Buena Vista". Узнагароджаны фільм "Адзін дзень у верасьні", прысьвечаны трагедыі пад час Алімпійскіх гульняхў у Мюнхэне, калі тэрарысты забілі ізраільскіх спартоўцаў. За найлепшы замежны фільм Оскара атрымаў гішпанец Пэдро Альмодавар. Ягоная работа, замешак гіроніі і чорнага гумару, называецца "Усё пра маю маму".

Другі раз у гісторыі Польшчы польскі рэжысэр атрымаў Оскара. Анджэй Вайда ўзнагароджаны за ўнёсак у разьіцьцё кінамастацтва. Раней, у 1982 годзе, за кароткамэтражны фільм "Танга" ляўрэатам прэміі Амэрыканскай кінаакадэміі стаў Зьбігнеў Рыбчынскі.
Уручаючы Оскара Анджэю Вайду актрыса Джэйн Фонда падкрэсьліла вялікую ролю Вайды ў фільмавым камэнтаваньні самых важных палітычных падзеяў ва Ўсходняй Эўропе.

Сваю статуэтку "Оскара" Анджэй Вайда перадаў у музэй Ягелонскага ўнівэрсытэту і паведаміў, што ацэньвае прэмію як узнагароду ўсёй польскай кінематаграфіі, каторай Вайда служыць 46 гадоў.

Анджэя Вайду павіншаваў прэзыдэнт Аляксандар Квасьнеўскі. Біл Клінтан напісаў рэжысэру: "Польшча не была б Польшчаю, калі б не жарсьць і здольнасьць такіх артыстаў, як Вы. Мы ўсе памятаем, як 20 гадоў назад слова салідарнасьць стала сымбалем вольнасьці для сьвету за жалезнай заслонай… Вашыя творы будуць заўсёды нагадваць наступным пакаленьням пра тое, што калі сустракаюцца надзея і гісторыя, трыюмфуе чалавечнасьць".

Выказваючы падзяку за ўзнагароду Оскарам Анджэй Вайда паведаміў па-ангельску: "Ladies and Gentlemen. Буду гаварыць па-польску, бо хачу сказаць тое, што думаю. А думаю – па-польску". І далей ужо па-польску: "Горача жадаю, каб адзіным вагнём, які чалавек адчуе, быў агонь вялікіх пачуцьцяў, каханьня, удзячнасьці і салідарнасьці". Заля вітала Вайду стоячы.

Сёлетнюю цырымонію, якая доўжылася больш за 4 гадзіны, глядзелі каля мільярду людзей ва ўсім сьвеце. Атмасфэру ўрачыстасьці адзін з удзельнікаў акрэсьліў вельмі ляканічна: "Хараство, хараство і яшчэ раз хараство".

XS
SM
MD
LG