Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 сакавіка 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

(эфір 27 сакавіка)
Абвешчаная на 27 сакавіка ў тэатры "Вольная сцэна" імпрэза маладых беларускіх паэтаў ды мастакоў пад назовам "Дзень Муміфікатара" не адбудзецца. Забарону наклала Міністэрства культуры.

Мастацкія імпрэзы новае хвалі беларускае творчае моладзі ўжо некалькі гадоў прывабліваюць увагу даволі шырокае публікі, бо ў іх заўсёды шмат творчае выдумкі, яны арыгінальныя, гледачу на іх ніколі ня сумна.

Але апошнім часам публіка пазбаўленая гэтых відовішчаў, бо ўлады іх папросту забараняюць. Некалькі тыдняў таму ў Берасьці не дазволена правесьці "Дзень Муміфікатара" – так маладыя менскія паэты ды мастакі назвалі свой новы супольны праект.

І вось яшчэ адная забарона імпрэзы – на гэты раз творцаў пазбавілі мажлівасьці зладзіць "Дзень Муміфікатара" ў менскім тэатры "Вольная сцэна", зь якім, дарэчы, многія зь юных талентаў шчыльна супрацоўнічаюць усе 8 гадоў існаваньня тэатру. А цяпер ім паказалі на дзьверы.

Пракамэнтаваць сытуацыю я папрасіла дырэктара тэатру Юрыя Куліка. Паводле ягоных словаў, адбылася звычайная няўзгодненасьць дзеяньняў арганізатараў імпрэзы з адміністрацыяй тэатру.

Далей спадар Кулік паведаміў, што на просьбу чыноўніка зь Міністэрства культуры ён пісьмова пацьвердзіў, што 27 сакавіка імпрэзы пад назовам "Дзень Муміфікатара" ў тэатры ня будзе. На падставе гэтага сьведчаньня Міністэрства культуры зьвярнулася ў Дзяржаўны камітэт друку, каб той, у сваю чаргу, зьвярнуўся ў рэдакцыю "Белорусской деловой газеты", якая зьмяшчала абвесткі пра імпрэзу, – даць абвержаньне гэтым абвесткам. Што "БДГ" й зрабіла ў мінулую пятніцу. Такая вось высокачыноўная ўвага да бяскрыўдных творчых экспэрымэнтаў ды неўтаймоўнае маладое фантазіі.

Чым жа выклікалі такую пільную ўвагу да сябе маладыя беларускія таленты? Вось што мяркуе на гэты конт адзін з арганізатараў імпрэзы, паэт ды стваральнік тэатральна-жывапісных пэрфомансаў Зьміцер Вішнёў:

"Хутчэй за ўсё чыноўнікаў напалохала нетрадыцыйная назва – Дзень Муміфікатара. Хаця тут няма ніякага падтэксту, ніякай палітыкі. Гэта проста акцыя сучаснага мастацтва. Але тое, што ў нас праводзіцца на беларускай мове, некаторымі ў нас успрымаецца як палітыка. Гэта сумна", – сказаў адзін з арганізатараў імпрэзы Зьміцер Вішнёў.

Ён таксама паведаміў, што пры спробе нешта высьветліць у дырэктара тэатру той доўга прабачаўся перад хлопцамі ды выказаў спадзяваньне, што гэты прэцэдэнт больш не паўторыцца. Нешта падобнае сказаў ім і намесьнік міністра культуры Валеры Гедройц, да якога яны зьвярталіся.

Аднак, у гутарцы са мною дырэктар тэатру спадар Кулік падкрэсьліў, што будынак тэатру належыць адміністрацыі "прэзыдэнта", і там пільна сочаць за тым, што адбываецца на сцэне.

XS
SM
MD
LG