Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 28 сакавіка 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Менскі гарадзкі Савет 26 галасамі "за" пры 6 "супраць" ухваліў прызначэньне Аляксандрам Лукашэнкам на пасаду старшыні Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту Міхала Паўлава. Прадстаўляў кандыдатуру Паўлава ягоны папярэднік, а цяпер кіраўнік ураду Ўладзімер Ярмошын.

Выступ Уладзімера Ярмошына працягваўся тры хвіліны, а праграмная прамова Паўлава й таго меней – паўтары. Міхал Паўлаў адзначыў толькі, што асноўная ягоная праца будзе сканцэнтраваная на вырашэньні сацыяльна-эканамічных праблемаў гораду.

Дэпутаты задалі прызначэнцу Лукашэнкі некалькі пытаньняў. Адказваючы на іх, Паўлаў супакоіў дэпутатаў і прадстаўнікоў апарату, зазначыўшы, што пры ім "падыходы Ярмошына застануцца без усялякай ломкі", а сканцэнтруецца ён перш за ўсё на пытаньнях дабраўпарадкаваньня й санітарнай ачысткі, паколькі Менск, на думку Паўлава, павінен быць эталёнам ня толькі ў Беларусі, але і ў Эўропе.

Кіраўнік гарадзкога Савету Ўладзімер Папкоўскі паведаміў на сэсіі, што зьвязваўся з калегамі-дэпутатамі з Баранавічаў і тыя станоўча ахарактарызавалі Паўлава, паколькі за два з паловаю гады той нікога ня звольніў "з каманды гораду", ні з кім не расправіўся…

Адзінай прэтэнзіяй некаторых з дэпутатаў да Міхала Паўлава было тое, што ён чужак, ня зь Менску. У прыватнасьці, дэпутат Аляксей Тутубылін адкрыта заявіў, што яму сорамна галасаваць за такое прызначэньне, паколькі яно "несправядлівае для Менску". Аляксей Тутубылін прапанаваў, каб галасаваньне прайшло таемна, што дазволіла б пазьбегнуць адміністрацыйнага ўціску. І, на дзіва, бальшыня дэпутатаў падтрымала гэтую прапанову. У выніку таемнага галасаваньня 6 галасоў было пададзена "супраць" Міхала Паўлава, але бальшыня пагадзілася з прэзыдэнцкім прызначэньнем.

Першыя дні кіраваньня Міхала Паўлава былі азмрочаныя фактамі затрыманьня й зьбіцця соцень грамадзянаў пад час падзеяў 25 сакавіка, але чамусці аніводзін з дэпутатаў не згадаў пра гэта. Пытаньне пра арышты й скарыстаньне спэцсродкаў на вуліцах Менску Паўлаву задалі толькі журналісты…

Вось што ён адказаў:

"Рашэньне прымаў ня я… Тое ж, што было ў вадносінах да карэспандэнтаў, гэта з "рук вон" абуральны факт. Карэспандэнты патрабуюць да сябе вельмі, вельмі дабразычлівых адносінаў", – гэтак лічыць Міхаіл Паўлаў. А ад камэнтару дзеяньняў Міністэрства нутраных справаў ён адмовіўся.

Старшыня Менскага гарадзкога Савету Ўладзімер Папкоўскі ў інтэрвію "Радыё Свабода" быў больш адназначны ў ацэнках падзеяў 25 сакавіка:

"Цяпер створана камісія ва Ўправе нутраных справаў Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту, якая разьбіраецца з гэтымі рэчамі, а мы ў бліжэйшы час паслухаем, што нам скажуць пра падзеі, якія адбыліся, арганізатары і асобы, што забаранялі шэсьце. Што датычыць забаронаў і дазволаў, то ўсё рабілася паводле закону. Мітынг быў дазволены, шэсьце забаронена. Гэта цалкам законна й былі падставы так паступіць, таму што чакаліся непрыемныя эксцэсы накшталт 17 кастрычніка. Мяркуючы па ўсім, ня ўсе падпарадкаваліся прынятаму выканаўчым камітэтам рашэньню, і давялося міліцыі ўмяшацца й некага затрымаць. Ці былі незаконныя дзеяньні – вызначыць камісія. Калі яны былі, то іхныя выканаўцы будуць пакараныя… Я аб'яжджаў горад і бачыў, што адбывалася й што магло адбыцца, калі б нашы сілавыя структуры ня выканалі свой абавязак", – гаварыў Уладзімер Папкоўскі.

Ён паведаміў, што гарадзкі Савет пакуль ня будзе разглядаць пытаньне пра падзеі 25 сакавіка ў Менску.

XS
SM
MD
LG