Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 сакавіка 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ бліжэйшым часам плянуе стварыць уласную праваабарончую структуру, якая перадусім будзе займацца абаронаю ад перасьледу сябраў партыі. Такія дзеяньні выкліканыя, сярод іншага, тым, што больш за 50 сябраў КХП БНФ пацярпелі цягам Дня Волі. Некаторыя зь іх атрымалі цяжкія фізычныя пашкоджаньні.

Сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі і сёньня адчуваюць перашкоды з боку ўладаў у тым, што зьвязана з наступствамі сьвяткаваньня Дня Волі. Так, шмат хто зь іх ня можа прайсьці мэдычныя абсьледваньні.

Адзін зь лідэраў КХБ БНФ Сяргей Папкоў лічыць, што 25 сакавіка нельга было пазьбегнуць масавых затрыманьняў і зьбіцьця людзей.

(Папкоў: ) "Тут трэба спалучыць Чачэнію і Беларусь. Сьвету была прадэманстраваная сіла, якую расейская ваеншчына ўжывае ў Чачэніі, і тут, у Беларусі, прадэманстраваць, што такія ж зачысткі рыхтуюцца і у Беларусі. Гэта была дэманстрацыя сілы. Тое, што затрымалі ўсіх журналістаў, нават тых, хто абслугоўвае рэжым (Беларускае тэлебачаньне), затрымалі прадстаўнікоў міжнародных арганізацыяў, польскіх дэпутатаў, – сьведчыць, што цэнтар кіраваньня быў ня ў Менску. Не Тарлецкі кіраваў гэтай сытуацыяй. Кіраваў непасрэдна расеец Сівакоў, міністар унутраных справаў, і цэнтар кіраваньня быў расейскі. Людзі не збаяліся гэтай дэманстрацыі сілы і пайшлі супраць моцнай сілы".

Спадар Папкоў мяркуе, што цяпер усе ілюзіі наконт перамоваў апазыцыі і ўладаў павінны зьнікнуць.

Пасьля падзеяў 25 сакавіка ў палітычным лексыконе сябраў Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі зьявіўся новы тэрмін – "балотная апазыцыя". Паводле азначэньня прадстаўнікоў КХП, гэта тыя, хто, выконваючы рашэньні ўладаў Менску, пагаджаюцца праводзіць мітынгі на пляцы Бангалёр.

Альтэрнатываю, на думку кіраўніцтва партыі, павінна стаць кансалідацыя нацыяльна-вызвольных сілаў. Сама Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ надалей вулічныя акцыі будзе ладзіць на заплянаваных мейсцах, не зважаючы на рашэньне ўладаў Менску.

Дарэчы, КХП БНФ не зьбіраецца ўдзельнічаць у малебне за Беларусь і ўскладаньні кветак да помніку Янку Купалу ў "дзень Пратэсту" 2 красавіка. Сяргей Папкоў кажа, што нельга ўвесь час выводзіць людзей пад міліцэйскія дубінкі. Цяпер, паводле ягоных словаў, КХП БНФ усе высілкі скіроўвае на падрыхтоўку да "Чарнобыльскага Шляху" 26 красавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG