Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 сакавіка 2000 г.


Віталь Тарас

Сёньня ў суд прымусова быў дастаўлены старшыня Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай партыі "Народная Грамада" Мікола Статкевіч. Вось што ён паведаміў нашай рэдакцыі па тэлефоне.

(Статкевіч: ) "Сёньня ў дзесяць раніцы на аўтамабільнай стаянцы – я жыву за горадам у ваенным гарадку – каля аўтамабіля я быў затрыманы супрацоўнікамі Савецкага РАУС Менску. Яны былі ў цывільным, машына на вялікай хуткасьці заскочыла на стаянку, яны падыйшлі, патрабавалі, каб я зь імі ехаў. Я паглядзеў іхнія пасьведчаньні – яны чамусьці былі прыкаваныя ланцужкамі, як у дзяржаўных установах ручкі.

Я сеў у машыну "Жыгулі" і быў адвезены ў Савецкі РАУС. Там мне было прад'яленае абвінавачаньне па артыкуле 167-3 частка другая. Гэта – арганізацыя несанкцыянаванай дэманстрацыі. Я быў абвінавачаны ў тым, што 25 сакавіка я арганізаваў несанкцыянаваную дэманстрацыю па вуліцах Харужай і Багдановіча.

Пасьля гэтага я быў адвезены ў суд Савецкага раёну. Там судзьдзя Іна Шэйко вельмі катэгарычна патрабавала неадкладна разглядаць справу, хаця там былі і відэаматэрыялы незнаёмыя, і я сказаў, што я не магу пакрыўдзіць свайго адваката, разглядаючы справу безь яго. Але яна настойвала. Там ужо знаходзіўся намесьнік начальніка Савецкага РАУС, зь якім мы перад гэтым у РАУС правялі дыскусію наконт маіх правоў – мне там адмаўляліся даць магчымасьць патэлефанаваць.

Я зразумеў, што гледзячы па ўсім, мяне ўжо павінны былі некуды везьці: на Акрэсьціна ці на Валадарку – там ужо быў канвой, машына, усё як сьлед. Ну але я настояў на пераносе справы, бо ў мяне яшчэ багата ўсялякіх незавершаных справаў, у тым ліку, 1-2 красавіка – міжнародная канфэрэнцыя сацыял-дэмакратаў з краінаў Усходняй Эўропы, бо я прэзыдэнт Усходнеэўрапейскага Сацыял-Дэмакратычнага Форуму. Таму спадарыня Шэйко згадзілася перанесьці судовы працэс толькі на дзевяць раніцы назаўтра".

(Карэспандэнт: ) "Скажыце, калі ласка, паводле вашых зьвестак, хто яшчэ з арганізатараў быў асуджаны або быў дастаўлены ў суд?"

(Статкевіч: ) "Там было багата людзей. Яны, у асноўным, другі раз ужо прыйшлі. Гэта тыя людзі, на каго быў складзены пратакол, і яны былі адпушчаныя ў сыботу. Яны чакалі суда. Я ведаю, што адзін сябар нашай партыі атрымаў пяць сутак арышту".

(Карэспандэнт: ) "Пытаньне наконт дыялёгу. Заўтра як быццам бы павінна адбыцца перашае паседжаньне прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў. Можа быць, паспрабуеце яшчэ раз сфармуляваць вашае стаўленьне да гэтага працэсу".

(Статкевіч: ) "Ведаеце, дыялёг ужо адбыўся 25-га на вуліцах Менску, я пра гэта казаў. Мы гатовыя працягнуць дыялёг 2 красавіка. Я заклікаў да гэтага на мітынгу 25-га. 2 красавіка, у дзень, калі ўлады сьвяткуюць аб'яднаньне з Расеяй, у 12 гадзінаў, у сквэры Янкі Купалы павінна адбыцца ўскладаньне кветак да помніка паэту і малітва ў памяць тых, хто загінуў за незалежнасьць краіны. Калі я буду на свабодзе, то я там буду, мы там працягнем свой дыялёг. Калі не, дык я спадзяюся, што гэта зробяць іншыя".

Гутарыў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG