Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 сакавіка 2000 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш

Расея абрала новага прэзыдэнта. Сьледам за канцлерам Нямеччыны Герхардам Шродэрам, які першы прыслаў свае віншаваньні Владзіміру Пуціну, на ягонае імя пачалі прыходзіць віншаваньні ад лідэраў іншых краінаў. У той самы час, заходняя прэса ізноў пачала нагадваць, чаго чакае ад Пуціна цывілізаваны сьвет.

У сваім віншаваньні канцлер Нямеччыны, між іншым, заклікаў Расею разьвіваць супрацоўніцтва з Эўрапейскім Зьвязам і зь Нямеччынай, у прыватнасьці.

Адмысловай заявай вітаў абраньне Пуціна прэзыдэнтам прэм'ер-міністар Японіі Кэйдза Абуці, а японскі міністар замежных справаў нагадаў журналістым, што Пуцін неаднойчы заяўляў, што ён будзе працягваць лінію Ельцына.

Віншаваньні са спадзяваньнямі на плённае разьвіцьцё адносінаў накіравалі новаму расейскаму прэзыдэнту кітайскі лідэр Цзян Цзэмінь, прэзыдэнты Эстоніі (Ленарт Мэры), Туркменіі (Сапармурад Ніязаў), Кіргізтану (Аскар Акаеў) і Ўкраіны (Леанід Кучма).

Прэзыдэнт Малдовы Пётар Лучынскі, заміж пісьмовага віншаваньня, вітаў абраньне Пуціна ў часе інтэрвію агенству "Интерфакс". Ён выказаў упэўненасьць, што прыход да ўлады Пуціна станоўча паўплывае на разьвязаньне рэгіянальных канфліктаў і канчаткова вырашыць праблему Прыднястроўя.

Што ж да Беларусі, то першым павіншаваў новага кіраўніка Расеі старшыня "Нацыянальнага Сходу" Павал Шыпук, які сказаў, што цяпер палітычныя дэклярацыі пра беларуска-расейскую інтэграцыю дадуць канкрэтныя вынікі, перадусім, у галіне эканомікі.

Між тым, міжнародныя назіральнікі, якія кантралявалі хаду выбараў заяўляюць, што яны занепакоеныя тым, як перадвыбарчая кампанія асьвятлялася ў расейскай прэсе, а таксама, недахопам палітычных дэбатаў у часе кампаніі.

Так кіраўніца назіральніцкай місіі ад Арганізацыі Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе Хэлі Дайн сказала, што перадвыбарчая кампанія была арыентаваная пераважна на пэрсону будучага пераможцы, а не на шляхі разьвязаньня праблемаў, якія стаяць перад Расеяй.

Аналітыкі ад Эўрапейскага Інстытуту Сродкаў інфармацыі крытыкуюць расейскія тэлевізыйныя праграмы навінаў, якія ня толькі амаль палову эфірнага часу прысьвячалі Пуціну, але яшчэ і паказвалі яго пераважна са станоўчага боку.

Апрача гэтага, назіральнікі заявілі, што працэс галасаваньня ў Ічкерыі не адпавядаў дэмакратычным стандартам, а звычайныя выбаршчыкі ня мелі дастаткова інфармацыі ні пра самі выбары, ні пра кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта.

Тым часам сёньняшняя "New York Times" нагадвае, якія выпрабаваньні чакаюць новага расейскага прэзыдэнта:

"Пуцін, – піша газэта, – заяўляе пра патрэбу "дыктатуры закону". Калі ён хоча гэтага дасягнуць, ён павінен павесьці барацьбу з карупцыяй, якая працяла расейскую эканоміку зьнізу да верху. (…) Пра сур'ёзнасьць намераў Пуціна можна будзе меркаваць, напрыклад, паводле таго, ці патрапіць гэткі алігарх як Барыс Беразоўскі пад дасканалае дасьледfваньне з боку незалежнага пракурора ці антыкарупцыйнае камісіі".

Далей газэта гаворыць пра патрэбу аднаўленьня даверу да расейскай фінансавай сыстэмы, стварэньне дзеяздольнай, падкантрольнай фэдэральнай уладзе, банкаўскай сыстэмы, якая гарантавала б грашовыя ўклады.

Расейскія суды, парлямэнт і незалежная прэса, паводле "New York Times," – альбо карумпаваныя, альбо заслабыя, альбо заціснутыя прэзыдэнцкай уладай. "Пуцін, – піша газэта, – можа парваць гэтыя ланцугі, але шмат якія журналісты баяцца, што ён можа зрабіць яшчэ горш, калі ўсталюе большы кантроль над СМІ і большы палітычны ўплыў з боку цэнтральных уладаў.

Сярод іншых праблемаў Расеі газэта называе патрэбы прававой і судовай рэформы, скасаваньне так званага кумаўства, прыняцьцё разумнага падаткавага кодэксу, уратаваньне сыстэмы аховы здароўя і праблему міру ў Ічкерыі.

"Паводле таго, – чытаем у газэце, – якім чынам Пуцін усталюе мір у Ічкерыі, усясьветная супольнасьць будзе меркаваць, як Расея выконвае свае абавязкі ў справе захаваньня правоў чалавека і наданьні статусу аўтаноміі расейскім этнічным групам. Ён мог бы прадэманстраваць свае намеры, калі б абвесьціў вынікі дасьледаваньняў парушэньняў правоў чалавека ў Ічкрыі з боку расейскіх вайскоўцавў і чачэнскіх жаўнераў".

XS
SM
MD
LG