Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 27 сакавіка 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Міліцыянты, якія сьведчаць на працэсах супраць затрыманых пад час падзеяў 25-га сакавіка, блытаюцца ў паказаньнях, ідуць наўпрост на фальсыфікацыю і падман. Пра гэта сьведчаць назіральнікі за працэсамі й абвінавачваныя, у тым ліку карэспандэнт Радыё Свабода Алег Грузьдзіловіч, які распавёў пра тое, як яго пачалі судзіць разам зь іншымі затрыманымі…

Мяне павінны былі судзіць сёньня а 8:30 уранку. Дакладна ў гэты час мы сабраліся ў РАУСу усёй групаю з васьмі чалавек, якіх з пляцу Якуба Коласа везьлі ў вадной міліцэйскай машыне – інжынэр Яўген Кардаш, якога зьбівалі дубінкамі па сьпіне, Аляксей Кухаронак, затрыманы ў той момант, калі фатаграфаваў міліцыянтаў, Ангеліна Максюта, у якой пад час затрыманьня зьніклі ўсе грошы, ды іншыя з нашае групы.

У РАУСе мы прачакалі больш за гадзіну, і толькі тады стала вядома, што нас павязуць судзіць у суд Савецкага раёну. Незразумела, няўжо гэта нельга было абвесьціць раней? Калі прыехалі ў суд, пабачылі, што недарэчнасьці й сапраўдныя дзівосы сёньня могуць працягвацца. І не памыліліся. Блытаніна ў судзе была страшэнная. Дзясяткі людзей ня ведалі – куды йсьці, сутыкаліся ў вузкіх калідорах, нават міліцыянты крычалі адзін на аднаго, а некаторыя перашэптваліся як змоўшчыкі. Аказалася – гэта сьведкі дамаўляліся, што казаць супраць нас на судзе. Не дапамагло. З-за несупадзеньня ў паказаньнях сьведкаў справы пачалі сыпацца адная за другой і судзьдзям не заставалася анічога, як пераносіць паседжаньні.

Расповед Аляксея Кухаронка, якога судзіла судзьдзя Мільгуй, і ўвогуле сьведчыць пра выкарыстаньне міліцыянтамі падстаўных сьведкаў:

(Кухаронак: ) "Судзьдзя запрасіла другога сьведку, пасьля чаго першы сьведка пайшоў і паклікаў. Гляджу, ён нешта шэпча. Мой адвакат дагнаў. Судзьдзя спытала, як вашае прозьвішча. Той кажа, што забыў дакумэнты. Судзьдзя кажа: "Вось вам тры гадзіны, едзьце дахаты, бярыце дакумэнты і зьяўляйцеся. Я прыехаў крыху раней, падыходжу да кабінэта, а мне кажуць, што мой сьведка ўжо быў. Судзьдзя на яго паглядзела і сказала, што гэта ня той, што быў першы раз, калі ласка, прывядзіце першага. Выклікалі камандзёра, пайшлі на прыём да галоўнага судзьдзі, перанесьлі справу на чацьвер".

Гэта быў Аляксей Кухаронак, справу якога адклалі на чацьвер. Магчыма, тады ж судзьдзя Мільгуй вызначыцца й адносна міліцыянтаў, якія спрабавалі яе падмануць.

Адкладзеная была справа і Ангеліны Масюты. Міліцыянты блыталіся ва ўказаньні месца ейнага затрыманьня, разыходжаньне было ня менш як на 200 мэтраў. У выніку судзьдзя Руслан Казадаеў адклаў слуханьні на заўтра, бо Ангеліна Масюта запатрабавала адваката. Яна мяркуе, што ёй удасца даказаць няпраўду ў паказаньнях міліцыянтаў. Яна сьцьвярджала, што яны паводзілі сябе 25-га як правакатары. Яе паклікалі ля ўваходу ва ўнівэрсам "Сталічны", папрасілі падыйсьці, а потым зацягнулі у аўтобус і там білі па нагах.

Дарэчы, зьбіцьцё затрыманых магу пацьвердзіць асабіста. Бо й мне дасталося ад АМАПаўцаў. Калі зацягнулі ў аўтобус, некалькі разоў ударылі й надзелі кайданкі. Факт зьбіцьця я паспрабую даказаць на слуханьнях сваёй справы ў пятніцу – яны таксама адкладзеныя. Мне дазволена скарыстацца паслугамі адваката, грамадзкага абаронцы й запрасіць сваіх сьведкаў.

Дарэчы, сёньня ў судзе я бачыў таго міліцыянта, які мяне затрымліваў. Але мне дакладна вядома, што ня ён сьведчыць супраць мяне ў дакумэнтах, напісаных у Партызанскім РАУСу міліцыі. Не зьдзіўлюся, калі й пад час слуханьняў ад сьведкаў-міліцыянтаў у маёй справе таксама прагучаць нейкія вельмі недарэчныя зьвесткі.

XS
SM
MD
LG