Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 сакавіка 2000 г.


Агульны "хапун" пад час Дня Волі не абмінуў і Віцебск. Як ужо паведамляла Радыё Свабода, некалькі чалавек былі арыштаваныя яшчэ да пачатку дазволенага ўладамі шесьця. За ўчорашні дзень была ўдакладненая лічба затрыманых. Сёньня адбыліся суды.

У пастарунку Кастрычніцкага РАУС пратаколы былі складзеныя на 7 асобаў, якіх адразу накіравалі ў раённы суд, які, нягледзячы на выходны дзень, канешне ж, працаваў. У выніку тры дэманстранты – Зьміцер Піменаў, Генадзь Васілевіч і Юрась Карпаў атрымалі па трое сутак. Як здолеў паведаміць па тэлефоне сваёй маці апошні, у знак пратэсту ўсе яны на ўвесь тэрмін зьняволеньня аб'явілі галадоўку.

Валерыя Канавалава той жа Кастрычніцкі суд аштрафаваў на 20 мінімальных заробкаў ці 44 тысячы дэнамінаваных рублёў. Ігар Марозаў, Уладзімер Акулаў і Віталь Мялешка папярэджаныя. Траім – дэпутату Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Валерыю Шчукіну, галоўнаму арганізатару мерапрыемства Ўладзімеру Плешчанку і затрыманаму зь бел-чырвона-белым сьцягам Раману Салаўяну прыйшлося цяжэй. У Чыгуначным раёне не былі падрыхтаваныя да арыштаў, таму іх суд перанесьлі на сёньня.

Лідэры маладзёвай арганізацыі "Сёмая грань" Вольга Карач і Вячаслаў Краўчук два дні прыходзілі да прыймальніка-разьмеркавальніка, каб перадаць свайму госьцю Шчукіну і яго сябрам па няшчасьці прадукты харчаваньня, але ў гэтым ім было адмоўлена. Спачатку дзяжурныя сьцьвярджалі, што зьняволеныя атрымліваюць ежу з рэстарацыі "Надзея", потым жорстка павыкідвалі настойлівых наведвальнікаў. Пры гэтым Вользе парвалі кажушок.

Сёньня ўжо з 8-мі раніцы каля дзясятка "сямігранцаў" чакалі на ганку суда, куды іх і яшчэ некалькіх чалавек, у тым ліку і журналістаў, міліцыянт так і не пусьціў.

Толькі каля дванаццаці гадзінаў даведаліся, што Плешчанка, Салаўян і Шчукін адмовіліся пад аховай ісьці ў суд, і судзьдзя Сьвятлана Туф?н сама накіравалася ў пастарунак Чыгуначнага РАУС да затрыманых. Хутка стала вядома, што Уладзімеру Плешчанку яна аб'явіла дзесяць, а Раману Салаўяну – пяць сутак арышту. Разгляд справы Валерыя Шчукіна працягваўся з дванаццаці гадзінаў і а пятай (на момант перадачы матар'ялу) яшчэ ня скончыўся.

Падрабязнасці працэсу таксама невядомыя, бо нікога туды не дапусцілі. Адзінае, што міліцыянты дазволілі перадаць прадукты харчаваньня.

Алег Жукоўскі, Віцебск (Як стала вядома а палове на сёмую вечара са словаў дзяжурнага Чыгуначнага РАУС, Валеры Шчукін атрымаў 10 сутак арышту)

XS
SM
MD
LG