Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 сакавіка 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Якая афіцыйная рэакцыя беларускіх уладаў на падзеі 25 сакавіка ў Менску і ці паўплываюць яны на правядзеньне намечанага на 29 сакавіка першага пасяджэньня прадстаўнікоў грамадзкіх аб'яднаньняў у рамках гэтак званага "дыялёгу"? Як вядома, яшчэ 25 сакавіка Аляксандар Лукашэнка адразу ўхваліў дзеяньні ворганаў правапарадку, а міністар нутраных справаў Юры Сівакоў падкрэсьліў, што выканаў даручэньне Лукашэнкі й не дапусьціў беспарадкаў на вуліцах Менску. Тым ня менш, цяпер афіцыйная пазыцыя ў пэўнай ступені карэктуецца.

Супрацоўніца прэсавага цэнтру Ўправы нутраных справаў Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту Натальля Лапо паведаміла "Радыё Свабода", што пад час падзеяў 25 сакавіка ў Менску, паводле афіцыйных зьвестак, было затрымана 270 чалавек; на 72 зь іх былі складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным парушэньні: паводле артыкулу 156 Адміністрацыйнага кодэксу ("дробнае хуліганства") – 4 чалавекі, паводле артыкулу 159 ("зьяўленьне ў грамадзкім месцы ў нецьвярозым стане") – 2 чалавекі, паводле артыкулу 167-1 ("парушэньне парадку правядзеньня дэманстрацыяў, мітынгаў, шэсьцяў і пікетаваньняў") – 66 чалавек. Матэрыялы на ўсіх іх у панядзелак былі перададзеныя ў суд.

Кіраўнік прэсавае службы Міністэрства нутраных справаў Дзьмітры Партон паведаміў "Радыё Свабода", што 25 сакавіка ў Менску было масавае парушэньне грамадзкага парадку, за якое і былі затрыманыя некалькі соцень чалавек. Аднак ён прызнаў пры гэтым, што салдаты нутраных войскаў неправамоцна затрымлівалі й скарыстоўвалі сілу да журналістаў. Гэтыя інцыдэнты ён назваў "непаразуменьнем". Гаворыць Дзьмітры Партон:

"З журналістамі стратэгічная наша пазыцыя такая, што пад агульны шум, калі было папярэджаньне, каб пакінуць пляц, разыйсьціся й гэтак далей, салдатамі яны былі, сапраўды, затрыманыя, і скарыстаная сіла да іх. Але як толькі кіраўніцтва Міністэрства нутраных справаў даведалася пра тое, што адбылося, што журналісты затрыманыя і адвезеныя на Маякоўскага, – тут жа было прынятае рашэньне іх вызваліць. Яны былі вызваленыя, і цяпер міністрам нутраных справаў прызначана службовае разьбіральніцтва ў гэтым факце. Тым, каму мы пасьпелі, мы ўжо прынесьлі прабачэньні. Вынікі разьбіральніцтва мы вам потым паведамім. І ў прынцыпе кіраўніцтва лічыць, што адносіны салдатаў да журналістаў, афіцыйна акрэдытаваных пры МЗС, і якія не парушалі грамадзкі парадак, зьяўляецца непаразуменьнем".

Паводле словаў Дзьмітрыя Партона, не было аніякае адмысловае каманды браць журналістаў і людзей з камэрамі. Гэта нібыта проста "перагіб" салдатаў нутраных войскаў, якім загадалі затрымаць зачыншчыкаў, і на якіх людзі з натоўпу абразьліва крычалі – вось салдаты й "сарваліся" на журналістаў, – лічыць Дзмітрый Партон.

Абмяркоўваць жа канкрэтныя факты, якія сьведчаць пра тое, што гэтымі захопамі прадстаўнікоў прэсы кіравалі вышэйшыя афіцэры, Дзьмітры Партон адмовіўся. Службовае расьледваньне паводле фактаў затрыманьня журналістаў праводзяць супрацоўнікі Міністэрства нутраных справаў: палкоўнік Шабалін і палкоўнік Карнейчык. Такая вось афіцыйная пазыцыя праваахоўных структураў.

"Непрыгожыя" дзеяньні ўладаў на святкаваньні Дня Вволі, на думку апазыцыйных палітыкаў, у прыватнасьці лідэра БНФ Вінцука Вячоркі, паставілі кропку на ілюзіях пра магчымасьці справядлівых выбараў і абвешчанага "дыялёгу ўладаў з грамадзкімі структурамі".

Што лічаць на гэты конт прадстаўнікі адміністрацыі "прэзыдэнта", якія адказваюць за гэты "дыялёг", даведацца не ўдалося – іх не было на месцы. Але адзін з актыўных сяброў ініцыятыўнае групы ў правядзеньні грамадзкага "дыялёгу" прэзыдэнт Цэнтру падтрымкі асацыяцыяў і фондаў "SCAF" Юры Загумённаў лічыць, што гэта была правакацыя, скіраваная менавіта на зрыў "дыялёгу", якая паказвае, што грамадзкі дыялёг можа перажываць і ўздымы, і падзеньні.

Спадар Загумённаў прапанаваў успрымаць гэтыя падзеі як абсурдную дэманстрацыю бакамі, і перш за ўсё ўладаю, сваіх мускулаў, сваёй вагі перад тым, як нарэшце сесьці за круглы стол дыялёгу й дамовіцца. На думку Юрыя Загумённава, дыялёг не павінен спыніцца, і падзеі 25 сакавіка яшчэ раз падкрэсьліваюць, што яму няма альтэрнатывы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG