Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 сакавіка 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Заўтра ў Менску мае адбыцца акцыя пратэсту гандляроў "Камароўскага рынку". Акцыю мяркуецца правесьці ў форме страйку, пад час якога прадпрымальнікі зьвернуцца да наведвальнікаў з прапановай супольнымі намаганьнямі абараніць у краіне прыватны бізнэс. Так было вырашана сёньня на сходзе прадстаўнікоў дробнага бізнэсу.

На сёньняшні сход "камароўскія" гандляры прыйшлі ў дрэнным настроі. Аніякіх станоўчых пераменаў у іхным лёсе за апошнія дні ня адбылося. "Дамоклавым мячом" працягвае вісець дырэктыва Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту, паводле якой зь 1 красавіка ліквідуюцца іхныя працоўныя месцы на гэтым кірмашы. Спадзяваньні, што новы сталічны "вэртыкальшчык" Міхал Паўлаў скасуе безпадстаўнае, на думку гандляроў, рашэньне былога мэра Ярмошына, не апраўдаліся. Паўлаў, мяркуючы па ўсім, будзе цьвёрда прытрымлівацца лініі свайго папярэдніка.

Як высьветлілася на сходзе, "камароўскія" прадпрымальнікі на гэтым тыдні спрабавалі самастойна вырашыць праблему працаўладкаваньня. На іншых кірмашох гораду. Але безпасьпяхова.

Віктар Вяржбіцкі, старшыня прадпрымальніцкага прафэсійнага саюзу "Садружнасьць", які прысутнічаў на сходзе, пацьвердзіў гэтую інфармацыю:

(Вяржбіцкі: ) "У міністэрстве кажуць, Ждановічы прымаюць 200 машын. Аслабнуў рынак. Не пытаньне. Едзьце туды, яны з гатовасьцю заключаюць дамовы з машынамі. Вельмі пэрпэктыўны рынак, там будзе выдатны гандаль. Гэта мне кажуць. А людзі едуць туды – ім адмова".

(Карэспандэнт: ) "Віктар, дык што гэта азначае – што параліжаваная ўлады, ці вядзецца гульня?"

(Вяржбіцкі: ) "Гульня, нейкая патаемная гульня".

Намесьніца Вяржбіцкага Кацярына Навумовіч мяркуе, што гэтая "гульня" ўладаў уяўляе добра прадуманую палітыку. Улады, паводле ейных словаў, хочуць забараніць навогул на ўсіх кірмашох Менску (а можа й краіны) прыватны гандаль харчовымі прадуктамі:

"Я ўпэўнена, што гэта так. Дзяржава хоча забраць яшчэ адзін кавалак караваю ў прыватнага бізнэсу. Рэч у тым, што прыватны бізнэс дагэтуль бліскуча вырашаў задачу забесьпячэньня насельніцтва таннымі харчовымі прадуктамі. Аб'ёмы продажу харчовых тавараў празь дзяржаўныя крамы сёньня моцна ўпалі. Улады гэтага ня могуць ня бачыць. І яны мараць пра манапалізацыю гэтага бізнэсу. Але прадаваць харчы дзяржава, зразумела, будзе па больш высокіх коштах. Няма сумневу, што ўрэшце рэшт гэта адаб'ецца на ейным аўтарытэце. З гэтае прычыны рэйтыг улады, рэйтынг прэзыдэнта моцна ўпадзе", – лічыць Кацярына Навумовіч.

На сходзе прадпрымальнікі прыйшлі да высновы, што ў іх няма выбару. Калі ўлады хочуць іх зьнішчыць, то выбар адзін – абараняцца. Тым больш, што іх падтрымлівае насельніцтва. Вось чаму на заўтра яны заплянавалі акцыю пратэсту ў форме страйку, пад час якога мяркуюць правесьці актыўную тлумачальную працу сярод наведвальнікаў кірмашу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG