Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 сакавіка 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

У акцыі Дзень Волі сярод іншых замежных назіральнікаў будуць браць удзел тры дэпутаты польскага Сэйму, што прадстаўляюць Акцыю выборчу "Салідарнасьць". Сёньня яны сустракаліся з арганізатарамі сьвяточнай акцыі 25 Сакавіка і выказалі жаданьне асабіста пабачыць, як выконваюцца падставовыя правы грамадзянаў Беларусі. Польскія дэпутаты прывезьлі зварот да беларускіх патрыётаў ад лідэра "Салідарнасьці" Мар'яна Кшаклеўскага.

Дэпутаты Польскага Сэйму ад "Салідарнасьці" зазначылі, што маюць вялікі досьвед вулічных дэманстрацыяў пратэсту й маглі б ім падзяліцца зь беларускімі сябрамі. Але ня гэта стала галоўнай мэтаю іхнага візыту.

Гаворыць дэпутат Польскага Сэйму Мар'юш Каміньскі:

"Прыехалі мы сюды ня толькі каб непасрэдна паразмаўляць, што вельмі важна, але перадусім каб перадаць людзяць, што змагаюцца за дэмакратыю і незалежнасьць Беларусі, словы нашай салідарнасьці, нашага прызнаньня, нашага захапленьня… Мы маем надзею, што заўтра справа ня дойдзе да парушэньняў правоў чалавека ў Менску ды іншых гарадох Беларусі", – гаварыў дэпута Польскага Сэйму Мар'юш Каміньскі.

У перададзеным ім звароце лідэра "Салідарнасці" Мар'яна Кшаклеўскага, што ў свой час быў дэпартаваны зь Беларусі, да беларускіх патрыётаў падкрэсьліваецца, што "барацьба, якую вядзе беларускі народ супраць дыктатуры, блізкая сэрцам палякаў, якія яшчэ ня так даўна змагаліся з парушэньнямі правоў чалавека і чужой ідэялёгіяй. "Беларускі народ быў і будзе эўрапейскім народам. Вы маеце сьвятое права ўдзельнічаць у жыцьці заходняга сьвету, ад якога рэжым Лукашэнкі ймкнеццца вас адгарадзіць. У Польшчы ёсьць верныя сябры, гатовыя падтрымаць вас у кожнай сытуацыі", – зазначаецца ў лісьце Мар'яна Кшаклеўскага.

Польскія дэпутаты мелі шэраг сустрэчаў у Горадні й Менску, як з лідэрамі апазыцыйных рухаў і партыяў, гэтак і з прадстаўнікамі «прэзыдэнцкай» адміністрацыі і «Нацыянальнага сходу». Улады іх пераконвалі ў тым, што ў Беларусі поўным ходам ідзе дыялёг з апазыцыяй, правы якой ніхто не ўшчамляе.

У сувязі з апошнімі рашэньнямі гарадзкіх уладаў Менску, якія не дазволілі шэсьце 25 Сакавіка, лідэр БНФ Вінцук Вячорка выказаў меркаваньне, што ў "гэтым дыялёгу заўтра будзе пастаўленая тлустая кропка".

Гаворыць Вінцук Вячорка, які сёньня ўвечары правёў дадатковыя кансультацыі з прастаўнікамі АБСЭ й амбасады ЗША з нагоды магчымага канфрантацыйнага разьвіцьця падзеяў 25 сакавіка:

(Вячорка: ) "Мы размаўлялі са спадаром Вікам. Відавочна, Касультацыйна-назіральная група моцна ўстурбаваная тым, што можа адбыцца заўтра. Як паведаміў спадар Вік, КНГ інфармавала кіраўнікоў АБСЭ і кіраўнікоў дзяржаваў-удзельніцаў АБСЭ аб небясьпецы канфрантацыйнага разьвіцьця падзеяў, прычым, канфрантацыйнага зь віны ўладаў. Дарэчы, пасьля наведваньня офісу АБСЭ мы наведалі таксама пасольства Злучаных Штатаў Амэрыкі. Там атрымалі запэўніваньні, што адпаведныя ўрадавыя структуры Злучаных Штатаў будуць паінфармаваныя пра яшчэ больш небясьпечны (зноў-такі зь віны беларускіх уладаў) паварот, пра эскаляцыю напружаньня, у якой мы, дэмакратычная незалежніцкая апазыцыя, – не зацікаўленыя".

Адзін з арганізатараў акцыі Дзень Волі Віктар Івашкевіч выказаў упэўненасьць, што заўтра ў Менску на сьвяткаваньні гадавіны БНР будзе больш як 10 тысячаў дэманстрантаў, і што арганізатарамі будзе ўсё зроблена дзеля забесьпячэньня бясьпекі акцыі.

Гаворыць Віктар Івашкевіч:

(Івашкевіч: ) "Мікола Статкевіч, Анатоль Лябедзька агучылі інфармацыю, якая сёньня раніцай патрапіла да іх, што рашэньне Савета Бясьпекі і прэзыдэнта Лукашэнкі – ніякіх саступак, і што ў Менск зьяжджаюцца міліцыянты зь іншых гарадоў, і могуць быць правакацыі і разгон. Гэтую інфармацыю прадстаўнікі гарадзкой улады не аспрэчылі і паўтаралі просьбу выконваць рашэньне гарвыканкаму і праводзіць мітынг на плошчы Бангалёр. Калі трэці раз Хадыка аргумэнтаваў неабходнасьць кампрамісу, пагадненьня, і згадваў ўсе тыя дамовы, якія былі ўчора-заўчора, спадар Чыкін выбухнуў – вы ж усё самі разумееце, што вы тут нас агітуеце.

Хачу адзначыць, што мне відавочна, што гарадзкія ўлады, і асабліва гарадзкая міліцыя, абсалютна ня маюць ніякага жаданьня ўстройваць якіясьці пабоішчы. Ім страшэнна гэта ўсё непрыемна. З нашага боку, з боку арганізатараў, – мы цьвёрда стаім на тым, каб не дапусьціць ніякіх сутыкненьняў. Мы будзем прыкладаць усе намаганьні, каб гэтага не дапусьціць".

Гаварыў Віктар Івашкевіч. Ён падкрэсьліў, што заўтра будзе чарговы, але не апошні крок да свабоды ў Беларусі.

XS
SM
MD
LG