Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 сакавіка 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Аляксандар Лукашэнка выразна адмежаваўся ад цяперашняй прэзыдэнцкай кампаніі ў Расеі (у вадрозьненьне ад папярэдніх парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў). Ён фактычна не выказаў падтрымкі аніводнаму з прэтэндэтаў, у тым ліку і яўнаму фаварыту Ўладзімеру Пуціну. Як ацэньваюць гэты факт беларускія палітыкі?

Адносна праблемы расейскіх выбараў Аляксандар Лукашэнка публічна выказваўся ўсяго два-тры разы. Найбольш шчырай была ягоная размова з журналістамі Санкт-Пецярбургу, калі ён заявіў, што ня мае намеру да 26 сакавіка наведвацца ў расейскія рэгіёны, каб не рабіць гэтым уплыву на прэзыдэнцкую кампанію.

Як прызнаў дырэктар Інстытуту сацыяльна-палітычных дасьледаваньняў пры прэзыдэнцкай адміністрацыі Яўген Матусевіч, Лукашэнка, сапраўды, адмежаваўся ад усіх палітычных блёкаў, што ўдзельнічаюць у расейскіх выбарах, каб ня даць ім магчымасьці выкарыстаць гэтак званую "беларускую карту".

Вядомы палітык Мечыслаў Грыб так пракамэнтаваў нежаданьне Лукашэнкі ўплываць на расейскую выбарчую кампанію:

"Ён зразумеў, што будзе ён умешвацца ці ня будзе – гэта ніколькі ня будзе ўплываць на вынікі выбараў. Прайшоў час яго ўмяшаньня туды, ён ужо ад'езьдзіў сваё. Інтэграцыя можа й ня зьнікнуць, але ўмовы гэтай інтэграцыі будуць выкладзеныя зусім па-іншаму. Могуць зрабіць так, што абставяць Беларусь і выставяць у такім сьвеце, што ёй навогул ня будзе куды дзявацца, як толькі ў Расею. Таму што гулялі – гулялі, прыйшоў час – і дагуляліся. З Расеяй ніколі нельга "гуляць", тым больш такой дзяржаве як Беларусь, гэта вельмі небясьпечна, і я баюся, што гэтая небясьпека можа адбыцца пасьля выбараў, таму што далёка ўжо залезьлі – самі, ніхто не прасіў…", – гаварыў Мечыслаў Грыб.

У гэтай праблеме найбольш важным можна лічыць фактар Пуціна як выразнага лідэра прэзыдэнцкае кампаніі. Беларускія палітыкі, як апазыцыйныя, так і ад улады, не сумняюцца, што пераможа Пуцін. Але яны яшчэ вельмі дрэнна яго ведаюць. І выказваюць пэўную боязь ягонай выразна агрэсіўнай палітыцы. Дэпутат "Палаты прадстаўнікоў" Сяргей Касьцян, напрыклад, мяркуе, што пры Пуціне магчымае разрабаваньне беларускае ўласнасьці расейскімі алігархамі. Не выключае гэтага і апазыцыйны дзяяч Мечыслаў Грыб. Абодва мяркуюць, што пры Пуціне інтэграцыйныя працэсы могуць значна запаволіцца.

Лідэр Аб'яднанае грамадзянскае партыі Станіслаў Багданкевіч лічыць, што абраньне Пуціна можа азначаць працяг ранейшае палітыкі паглынаньня Беларусі Расеяй. Тым ня менш, Багданкевіч мяркуе, што Лукашэнка цяпер можа пачаць сумнявацца ў слушнасьці свайго курсу на поўную інтэграцыю, паколькі ён гатовы аддаць Беларусь за Крэмль, але не за проста так…

Цікава, што прыблізна гэтак жа мяркуе і прадстаўнік "Палаты прадстаўнікоў" Пятро Жушма, які лічыць, што Лукашэнка перажывае пэрыяд выпрацоўкі новых падыходаў у сваіх адносінах да Расеі, у тым ліку й адносна рэалізацыі хаўруснае дамовы. Пад гэтымі новымі падыходамі Пятро Жушма разумее наступнае:

"Пасьля таго, як на палітычнай арэне зьявіўся Пуцін, Аляксандар Рыгоравіч будзе самым моцным абаронцам беларускага сувэрэнітэту. Ён абдумвае, як гэты сувэрэнітэт Беларусі захаваць, абараніць і памножыць, – зазначыў Пятро Жушма, які лічыць што пасьля выбараў у Расеі інтэграцыя пойдзе ня столькі ў палітычнай форме, колькі ў эканамічнай. Пры гэтым Жушма выказвае спадзеў, што ажыўленьне расейскай эканомікі створыць такое канкурэнтнае асяродзьдзе, што прымусіць і Беларусь ісьці шляхам больш рэальных рынкавых пераўтварэньняў.

Як Пятро Жушма, так і Мечыслаў Грыб мяркуюць, што пэрыяд палітычнае рыторыкі ў вадносінах Беларусі й Расеі зьменіцца на прагматычныя грашовыя разьлікі. І ніхто не сумняецца, што ў любым выпадку адносіны Беларусі й Расеі будуць няпростымі.

XS
SM
MD
LG