Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 сакавіка 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Гарадзкая пракуратура яшчэ на тры месяцы падоўжыла сьледзтва паводле факту зьнікненьня Віктара Ганчара. Сьледчы Сяргей Новікаў, які вядзе расьсьледаваньне, заяўляе, што станоўчых вынікаў няма, але пошукі Ганчара працягнуцца да таго часу, пакуль ня будуць адпрацаваныя ўсе вэрсіі.

"…Аніякіх зьменаў у справе Ганчара няма, тэрмін расьледваньня працягнуты ў сувязі з тым, што не адпрацаваныя да канца ўсе вэрсіі зьнікненьня", – гэтак заявіў нашаму радыё сьледчы менскае гарадзкое пракуратуры Сяргей Новікаў, які расьледуе справу пра зьнікненьне намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Віктара Ганчара.

Паводле Новікава, тэрмін расьледваньня падоўжаны да 20 ліпеня. Улічваючы, што Ганчар зьнік 16 верасьня мінулага году, атрымліваецца, што ўсяго расьледваньне будзе цягнуцца сама меней 9 месяцаў.

Прычым, і гэты тэрмін можа быць неканчатковым. Паводле закону, сказаў сьледчы, пракурор мае права падоўжыць расьледваньне й да 1,5 ці 2-х гадоў. Толькі якое значэньне мае працягласьць расьледваньня, калі яно не дае аніякіх вынікаў?

На гэтае пытаньне сьледчы адказаў, што ім робіцца ўсё магчымае. "Пэрспэктыва ў справы ёсьць – у тым сэнсе, што мы працуем і будзем працаваць, а які будзе вынік – паглядзім", – лічыць Сяргей Новікаў. Ён, аднак, адмовіўся паведаміць, якія дадатковыя дзеяньні рабіла сьледзтва на працягу апошніх месяцаў і ці зьявіліся новыя вэрсіі зьнікненьня Віктара Ганчара…

"Аб гэтым я ня буду гаварыць", – гэтак адказаў сьледчы ў справе Ганчара Сяргей Новікаў.

Жонка Ганчара Зінаіда скэптычна паставілася да навіны з пракуратуры:

"…Сьледзтва топчацца на мейсцы. Мною былі зададзеныя пытаньні пра тое, ці ёсьць што новае, ці зьявіліся ў полі ўвагі сьледчых новыя людзі. На жаль, я не атрымала адказу. Я разумею таямніцу сьледзтва, мне не патрэбныя канкрэтныя прозьвішчы, але калі не кажуць, што зьявіліся нейкія новыя аб'екты ўвагі, то зразумела, што проста нічога няма й ня будзе", – сказала Зінаіда Ганчар.

Пад час размовы яна выказала таксама папрок і ў бок грамадзкае камісіі, якая ўзялася паралельна з афіцыйным праводзіць сваё расьледваньне: "…Бязьдзейнасьць дзяржаўных структураў мне патлумачыць нават лягчэй, чым бязьдзейнасьць тае камісіі, якую стварыў Вярхоўны Савет і бязьдзейнасьць самога Вярхоўнага Савету", – кажа Зінаіда Ганчар.

Паводле ейных зьвестак, за апошнія тры месяцы сябры камісіі Вярхоўнага Савету аніяк не кантактавалі з супрацоўнікамі пракуратуры, якія вядуць афіцыйныя пошукі Ганчара.

Гэтую інфармацыю, дарэчы, мне пацьвердзіў сьледчы Новікаў. Але, магчыма, сябры парлямэнцкай камісіі на чале з дэпутатам Савічавым працуюць, не інфармуючы пра гэта сьледчага?

"Магчыма", – кажа Зінаіда Ганчар, але ёй пра нейкія рэальныя крокі дэпутатаў невядома:

"На мяне ніхто не выходзіць, мне нічога не расказваюць", – кажа Зінаіда Ганчар і робіць выснову, – "…Атрымліваецца як заўсёды, што лёс асобнага чалавека ў нас цікавіць толькі сваякоў гэтага чалавека".

Гэтак заяўляе Зінаіда Ганчар, падсумоўваючы афіцыйныя і неафіцыйныя пошукі намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Ганчара, які зьнік паўгады таму пры дагэтуль ня высьветленых абставінах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG