Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 сакавіка 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Забарону ўладамі мірнага шэсьця ў Дзень Волі 25 сакавіка – самага вялікага сьвята беларускага народу – удзельнікі сёньняшняга паседжаньня Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў расцанілі як працяг цынічнай антыбеларускай палітыкі. З гэтае нагоды яны прынялі адмысловую заяву.

Ініцыятарам прыняцьця адпаведнае заявы стала Беларуская Сацыял-дэмакратычная Грамада, намесьнік кіраўніка якой Анатоль Астапенка старшыняваў на сёньняшнім паседжаньні. Агульнымі намаганьнямі (устрымалася толькі Партыя камуністаў Беларуская) былі сфармуляваныя наступныя падставовыя палажэньні дакумэнту:

Па-першае, забарона мірнага шэсьця 25 сакавіка ёсьць працягам цынічнай антыбеларускае палітыкі, дзеяньнямі, скіраванымі на стварэньне атмасфэры недаверу й супрацьстаяньня ў грамадзтве, зрывам перамоваў улады і апазыцыі ў пераадоленьні вострага палітычнага крызысу ў Беларусі;

Па-другое, сваім рашэньнем улады наўмысна правакуюць усіх, хто ня згодны зь іхнымі дзеяньнямі й палітыкаю, на правядзеньне акцыяў грамадзкага непадпарадкаваньня;

Па-трэцяе, Кансультацыйная рада апазыцыйных палітычных партыяў патрабуе ад Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту выконваць закон і не парушаць канстытуцыйныя правы грамадзянаў на правядзеньне акцыяў грамадзянскага непадпарадкаваньня.

Вось як камэнтуе гэтую заяву намесьнік старшыні Беларускае Сацыял-дэмакратычнай Грамады Анатоль Астапенка…

(Астапенка: ) "Шэсьце ў нас традыцыйнае, і адмова ў яго правядзеньні вельмі ня вяжацца з працэсам, які зараз ідзе, з працэсам дыялёгу, які абвешчаны вельмі шырокім, і ўпершыню за апошнія гады ўлады як бы хочуць з аднаго боку весьці з намі дыялёг наконт выбарчага заканадаўства, а зь іншыга боку мы бачым яўнае жаданьне ісьці на канфрантацыю з палітычнымі партыямі, бо шэсьце ж ўсё роўна адбудзецца, як бы там не было".

Гэта быў Анатоль Астапенка, які старшыняваў на сёньняшнім паседжаньні Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў.

Другім надзвычай важным пытаньнем было абмеркаваньне праекту рэглямэнту грамадзка-палітычнага дыялёгу, які ініцыяваны Аляксандрам Лукашэнкам. Тэкст гэтага дакумэнту быў перададзены Юрыю Хадыку, які ўзначальвае групу экспэртаў ад Кансультацыйнае рады ў пытаньнях рэглямэнту, загадчыкам аддзелу сувязяў з грамадзкімі арганізацямі адміністрацыі "прэзыдэнта" Ігарам Вялічанскім.

Пры абмяркаваньні праекту раптам высьветлілася, што згодна са сваім статусам грамадзкія арганізацыі ня маюць права займацца палітычнымі праблемамі. У гэтай сувязі нагадалі прыклад з Беларускім Гэльсынскім камітэтам, якому летась Міністэрствам юстыцыі было вынесенае папярэджаньне за тое, што ён вылучыў сваіх прадстаўнікоў у склад выбарчых камісіяў на травеньскіх выбарах прэзыдэнта. А зараз той жа Гэльсынскі камітэт пры тым жа кіраўніку – Тацяне Процьке – зьбіраецца актыўна ўдзельнічаць у "дыялёгу".

Кансультацыйная рада даручыла Юрыю Хадыку разам з экспэртамі дасканала вывучыць пытаньне й падаць свае прапановы на наступным паседжаньні рады, якое заплянаванае на 29 сакавіка.

XS
SM
MD
LG