Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 сакавіка 2000 г.


Кастусь Бандарук

За некалькі дзён да прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі сярод аглядальнікаў дамінуе перакананьне, што "выбары адбудуцца, але ня будзе ніякага выбару". Перадвыбарчая кампанія надзвычай млявая, нібыта ўсе 11 супернікаў Уладзімера Пуціна ўжо зьмірыліся зь ягонай перамогай…Агляд заходняй рэакцыі.

У перамозе Ўладзімера Пуціна не сумняюцца нават ягоныя палітычныя апанэнты, – піша Гюнтэр Халупа з агенцтва DPA. Ён цытуе расейскі часопіс "Ітогі", які сьцьвярджае, што выбаршчыкі не зацікаўленыя ані ў праграме Пуціна, ані ў ягоным мінулым, але хутчэй за ўсё ў маладосьці, здароўі і ў перамозе ў Чачні".

Невыпадкова, – адзначае Гюнтэр Халупа, – вядомы рэжысэр Нікіта Міхалкоў запрапанаваў непасрэднае галасаваньне над зацьверджаньнем Пуціна на пасадзе прэзыдэнта, заміж траціць час і грошы на выбары. Міхалкоў лічыць, што Расея зьяўляецца сьведкам "пэсымістычнай камэдыі", паколькі для Пуціна не зьяўляюцца канкурэнтамі ані прагматычны Яўлінскі, ані "палітычны блазен" Жырыноўскі. Адзіны лідэр камуністаў Зюганаў можа разьлічваць на неблагі вынік, і яму, магчыма, удасца выступіць яшчэ ў другім туры галасаваньня. Найгоршы варыянт для Расеі быў бы той, калі б выбарчая актыўнасьць не дасягнула 50 %, паколькі праз 4 месяцы трэба было б праводзіць чарговыя выбары.

Гэнры Мэйэр з агенцтва France Press падкрэсьлівае факт, што "у Пуціна няма ніякай ідэалёгіі", і ў гэтым сэнсе ён увасабляе расейскае грамадзтва, якому надакучыла ўжо быць заложнікам гісторыі, і якое стомленае хаосам.

"Пуцін нагадвае люстэрка, у якім кожны бачыць тое, што хоча убачыць," – цытуе Мэйэр кіраўніка цэнтру Апытаньня Грамадзкай думкі Юрыя Леваду. Дасканальна адчуваючы настроі ў грамадзтве, Пуцін абяцае аднаўленьне статусу звышдзяржавы, утаймаваньне мафіі і карупцыі. Ён не забываецца і пра меншасьці. Жыдам заяўляе, што будзе змагацца з антысэмітызмам, а мусульманам, што "Расея –сумесны дом і хрысьціянаў, і мусульманаў"; бізнэсоўцам Пуцін абяцае рынкавую эканоміку, а пэнсіянэрам – сацыяльнае забясьпячэньне. Гэтую дэмагогію нельга назваць праграмай, але ўсе згодныя ў тым, што гэткім чынам ён, прынамсі, не зьнеахвоціць да сябе ніякай часткі электарату.

Патрык Ланін з агенцтва Reuters зьвяртае ўвагу на тое, што Пуцін здабывае сабе сымпатыі выбаршчыкаў не прывабнай праграмай, але жэстамі, якія яму няшмат каштуюць. Ён заяўляе, што не вядзе ніякай перадвыбарчай кампаніі, і што ягоныя дзеяньні гавораць самі за сябе, але не бывае дня, каб ён не красаваўся на тэлевізыйным экране.

Учора ўсе тэлекампаніі паказалі яго ў якасьці сьмелага, энэргічнага чалавека. Пуцін неспадзявана прыляцеў у Чачню ў кабіне расейскага зьнішчальніка СУ-27 і паказаў, што ўмее кіраваць нават такой сучаснай машынай. Ён заявіў, што гатовы да перамоваў з вайсковымі і палітычнымі лідэрамі Чачні, але паколькі гэта доўгатрывалы працэс, расейскія сілы павінны яшчэ застацца ў Чачні. Такім чынам, Пуцін адначасова паказаў сваю рашучасьць давесьці апэрацыю да пасьпяховага канца і адхіліў крытыку з боку тых, хто абвінавачвае яго ў крыважэрнасьці.

Гарэт Джонс з таго ж агенцтва Reuters лічыць, што Пуцін значна лепш за свайго недалужнага патрона Ельцына будзе абараняць інтарэсы Расеі, і аб гэтым ужо сьведчыць вайна ў Чачні. Джонс цытуе аналітыка з Інстытуту ЗША і Канады Віктара Крэмюка, які
лічыць, што "у міжнароднай палітыцы Пуцін можа пайсьці на некаторыя саступкі, але мусіць атрымаць нешта ўзамен". Паводле словаў аналітыка з Цэнтру стратэгічных дасьледваньняў Андрэя Піянткоўскага, "Пуцін запросіць у Расею замежных інвэстараў, але Захад мусіць заплюшчыць вочы на парушэньні правоў чалавека ў Расеі".

Ніколас Мілеціч з агенцтва France Press падкрэсьлівае надзвычайную гнуткасьць Пуціна ў пытаньнях зьнешняй палітыкі, якая балянсуе на мяжы супярэчнасьці. "Гэта непрыймальна, каб можна было ігнараваць такія асноўныя прынцыпы, як дзяржаўны сувэрэнітэт і тэрытарыяльная цэласнасьць у імя так званага гуманітарнага ўмяшаньня," – заявіў ён, маючы на ўвазе ваенную апэрацыю НАТО супраць расейскага саюзьніка – Югаславіі. Тым ня менш, не зьмяняючы свайго нэгатыўнага стаўленьня да пашырэньня НАТО на Ўсход, Пуцін аднавіў супрацоўніцтва Масквы з альянсам у рамках так званай "Пастаяннай Рады". На пытаньне радыё-тэлекампаніі ВВС наконт магчымага членства Расеі ў НАТО, Уладзімер Пуцін адказаў: "А чаму не? Я не выключаю такой магчымасьці, калі б толькі Расея была ў альянсе раўнапраўным партнэрам".

XS
SM
MD
LG