Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 сакавіка 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Сытуацыя з запазычанасьцю ў заробках у бюджэтнай сфэры пагаршаецца. Урад пад кіраўніцтвам Уладзімера Ярмошына паабяцаў, што разьлічыцца зь бюджэтнікамі да 1 красавіка, аднак зрабіць гэта без дадатковай грашовай эмісіі наўрад ці магчыма, бо сума запазычанасьці надта вялікая.

Запазычанасьць ў заробках паводле вынікаў за люты склала больш за 8,5 мільярдаў дэнамінаваных рублёў. Гэта больш за дзясятую частку агульнага фонду заробкаў.

Найбольш складаная сытуацыя ў калгасах. Там запазычанасьці дзяржавы склалі 73 адсоткі ад фонду заробкаў. Як распавёў прадстаўнік эканамічнага аддзелу Фэдэрацыі прафэсійных саюзаў Іван Гурскі, запазычанасьць у калгасах ужо на працягу некалькіх месяцаў перавышае 70 адсоткаў ад фонду заробкаў.

Іван Гурскі таксама паведаміў, што прафэсійныя саюзы ўвесь час зьвяртаюцца да ўраду з патрабаваньнем разьлічыцца з калгасьнікамі, аднак – безвынікова. Паводле словаў спадара Гурскага, анічога й ня можа адбыцца, пакуль ня зьменіцца палітыка ў вадносінах да сельскае гаспадаркі. У першую чаргу павінен памяняцца падыход да рэгуляваньня закупачных цэнаў.

Становішча ў прамысловасьці лепшае, чым у сельскай гаспадарцы, але запазычанасьць у заробках там таксама расьце: на сёньня яна складае 2 мільярды рублёў. (Для параўнаньня, у сельскай гаспадарцы – амаль 7 мільярдаў). Прамысловыя прадпрыемствы вінныя сваім супрацоўнікам больш за 5 адсоткаў ад фонду заробкаў.

На мінулым тыдні Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што пасьля зьмены прэм'ера эканамічная палітыка ня зьменіцца. Лукашэнка лічыць, што эканамічны шлях, якім ішло кіраўніцтва краіны, слушны. Тым часам ураду няма чым аплаціць нават запазычанасьць у заробках.

XS
SM
MD
LG