Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 сакавіка 2000 г.


Учора Міжнародная Ліга правоў чалавека зьвярнулася да Аляксандра Лукашэнкі са зваротам у справе дэпутата Андрэя Клімава.

"Мы выказваем сваю глыбокую занепакоенасьць нядаўнім прысудам, вынесеным дэпутату легітымнага парлямэнту Беларусі – Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня – Андрэю Клімаву, які абвінавачаны ў растраце дзяржаўнай маёмасьці і фінансавых махінацыях".

У звароце нагадваюцца арышт Клімава, ягоныя дзьве галадоўкі, зьбіцьцё ў сьледчым ізалятары, тое, што ў суд ён быў дастаўлены басанож і ў парванай вопратцы, і што судзьдзя адмовілася выклікаць мэдычную дапамогу.

"Ліга перакананая, – гаворыцца ў звароце на імя Лукашэнкі – што суд над Клімавым і жорсткае абыходжаньне зь ім у часе затрыманьня зьяўляюцца помстай за ягоную крытыку ў адрас Лукашэнкі, за тое, што дэпутат падпісаў пэтыцыю із заклікам да імпічмэнту Лукашэнку за парушэньні нацыянальнага і міжнароднага права.

"Ліга заклікае Вас, – гаворыцца з звароце – дазволіць распачаць сьледзтва ў справе незаконнага арышту Клімава, дапусьціць разгляд апэляцыі такім чынам, каб дэпутат меў свабодны і справядлівы суд, у часе якога ён быў бы вызвалены з-пад варты".

"Дзякуем за ўвагу і спадзяемся Вашага адказу". – Гаворыцца на заканчэньне ва ўчарашнім звароце Міжнароднай Лігі правоў чалавека да Аляксандра Лукашэнкі, які падпісала выканаўчы дырэктар Лігі Кэці Фіцпатрык.

XS
SM
MD
LG