Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 сакавіка 2000 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

Парафіяне берасьцейскага касьцёлу Ўзьнясеньня Крыжа выказваюць свой пратэст супраць захадаў мясцовых уладаў, накіраваных на тое, каб пазбавіць парафію яе пробашча Зьбігнева Кароліка. У выпадку, калі ўлады ня зьменяць сваё стаўленьне да сьвятара, вернікі абяцаюць распачаць акцыю непадпарадкаваньня.

Нагодай для рэзкіх заяваў з боку вернікаў берасьцейскае парафіі Ўзьнясеньня Крыжа былі падзеі, што адбыліся мінулае сыботы, 18 сакавіка. Раніцаю тога дня ў каталіцкі касьцёл зайшлі два міліцыянты – участковы інспэктар Андрэй Лепец і начальнік пашпартна-візавай службы Ленінскага раёну Берасьця Пётар Верамчук. Пасьля непрацяглай размовы яны вырашылі затрымаць пробашча касьцёлу Зьбігнева Кароліка.

Як сьцьвярджаюць сьведкі гэтага здарэньня, міліцыянты паводзілі сябе ў храме вельмі груба і не зьвярталі ўвагі на пярэчаньні ксяндза. Яму заламалі рукі і, выводзячы з касьцёлу, нават не дазволілі схіліць калені перад алтаром. На вачах у многіх людзей, што стаялі на аўтобусным прыпынку, Зьбігнева Кароліка адвялі ў апорны пункт міліцыі, пасьля чаго ён быў дастаўлены ў Ленінскі РАЎС. Там на Кароліка склалі пратакол за, нібыта, парушэньне пашпартнага рэжыму, бо іншаземныя грамадзяне павінны рэгістравацца на тэрыторыі Беларусі на працягу трох содняў. Дарэчы, паводле інфармацыі Радыё Свабода, Зьбігнеў Каролік выконвыае гэтае патрабаваньне, і ягонае знаходжаньне ў Беларусі цалкам адпавядала закону.

Гэтае здарэньне зьяўляецца своеасаблівым працягам разьвязанай у апошні час кампаніі, мэта якой бачыцца ў тым, каб прымусіць ксяндза пакінуць Берасьце.

Грамадзянін Польшчы Зьбігнеў Каролік ужо больш за 10 гадоў служыць у касьцёле Ўзьнясеньня Крыжа, і за гэты час шмат што зрабіў ня толькі ў справе аднаўленьня каталіцкага храму, але і зьяўляўся ініцыятарам многіх дабрачынных акцыяў. Як высьветлілася, гэтая актыўнасьць ксяндза выклікала ў мясцовых уладаў вялікую занепакоенасьць. З цягам часу шматлікія дабрачынныя праекты сьвятара былі скасаваныя прадстаўнікамі берасьцейскае вэртыкалі, а ў самога Кароліка з 1997 году пачалі зьяўляцца праблемы з працягам сваёй рэлігійнай дзейнасьці.

Як стала вядома, тры гады запар чыноўнікі з Савету ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў выкрэсьлівалі ягонае прозьвішча са сьпісаў тых каталіцкіх сьвятароў, якім дазвалялася служыць у Беларусі. Толькі настойлівасьць і рашучыя намеры вернікаў абараніць сьвятара стрымлівалі ўлады ад сілавога разьвязаньня канфлікту.

Але напачатку гэтага году ад Зьбігнева Кароліка жорстка запатрабавалі, каб да 15 сакавіка ён пакінуў межы Беларусі. Зрабіць гэта ксёндз адмовіўся, бо ўлады ніяк не матывавалі сваё рашэньне.
Тады праваахоўныя ворганы і вырашылі правесьці ягонае затрыманьне.

Рэакцыя вернікаў на сыботнія падзеі не прымусіла сябе чакаць. У працягу ўчарашняга і сёньняшняга дня сябры касьцельнай рады накіравалі кіраўніцтву берасьцейскае міліцыі, у некаторыя сродкі масавай інфармацыі і адказным чыноўнікам аблвыканкаму заявы, у якіх патрабуюць разабрацца з дзеяньнямі міліцыянтаў, што паводзілі сябе са сьвятаром як з крымінальнікам, і гэткім чынам зьняважылі рэлігійныя пачуцьці парафіянаў. Вернікі таксама патрабуюць ад міліцэйскага начальства гарантыяў, што ў будучым падобныя дзеяньні ў храме будуць немагчымымі.

Калі кіраўніцтва праваахоўных ворганаў праігнаруе гэтую заяву вернікаў, яны не выключаюць, што вымушаныя будуць пачаць бестэрміновую акцыю пратэсту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG