Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 сакавіка 2000 г.


Уладзімер Кулажанка, Менск

(эфір 18 сакавіка)
Эканамічны агляд мінулага тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.

Прызначэньне, а затым і зацьвярджэньне 14 сакавіка "Палатаю прадстаўнікоў" Уладзімера Ярмошына на пасаду старшыні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь спарадзіла ў грамадзтве надзеі на нейкія зьмены ў эканоміцы да лепшага. Як-ніяк, а новы кіраўнік ураду мусіць зрабіць нешта такое, што дазволіць прыпыніць крызыс і разчысьціць шляхі да хоць бы невялікага росту.

Але дзеяньні новага прэм'ера цягам цэлага месяца, і асабліва апошняга тыдня засьведчылі, што пазытыўных зьменаў чакаць ня варта. Новы кіраўнік ураду або разчышчае ранейшыя завалы ў эканоміцы, або робіць такія крокі, якія невядома ці палепшаць становішча ў вадных сэктарах эканомікі, але абавязкова пагоршаць у другіх. І гэта ня дзіўна, бо пры зацьверджаньні Ўладзімера Ярмошына на высокую дзяржаўную пасаду Аляксандар Лукашэнка заявіў, што аніякіх зьменаў у эканамічнай палітыцы ня будзе, і што "кірунак руху вызначаны кіраўніком дзяржавы. Задача ўраду – вызначаць, як ціснуць на пэдалі".

У сваёй прамове перад сябрамі "палаты" Ўладзімер Ярмошын зьвярнуў увагу на рост запазычанасьці ў заробках, якая за першыя два месяцы года падвоілася й перавысіла 10 млрд. рублёў. Прычым, палова гэтае запазычанасьці прыпадае на калгасы й саўгасы, што проста небясьпечна.

14 сакавіка на адмысловым паседжаньні прэзыдыюму Савету міністраў вырашалі, як выйсьці з узьнікшай крытычнай сытуацыі. Зусім ня думалі, як усталяваць нейкую справядлівасьць у разьмеркаваньні, бо сёньня рабочы, да прыкладу, мясакамбінату, атрымлівае ў 2-3 разы болей настаўніка. Клапаціліся пра тое, як зьменшыць агульную запазычанасьць. Актыўна шукалі выйсьце, ды так і не знайшлі. Выказалі толькі патрабаваньні да кіраўнікоў прадпрыемстваў ды параілі выкарыстоўваць уласныя сродкі й браць крэдыты на заробкі. Палічылі нават неабходным пашыраць натуральныя разьлікі. Такіх заклікаў раней не было.

Пра цяжкасьці ў вырашэньні складаных эканамічных праблемаў сьведчыць таксама валтузьня вакол стаўкі рэфінансаваньня, усталяванае Нацыянальным банкам. Месяц таму яна была падвышана са 150 адсоткаў да 175 адсоткаў гадавых, хоць было зразумела, што гэта ўдар па інвэстыцыях. Адчуўшы памылку, празь які месяц Банк зьнізіў гэтую стаўку йзноў да 150 адсоткаў. Вядома, пад уплывам кіраўніка ўраду. Дзіўна было назіраць, як Уладзімер Ярмошын, выступаючы ў лукашэнкавай "Палаце прадстаўнікоў", выводзіў формулу ўсталёўваньня стаўкі рэфінансаваньня, блытаючы складаны й просты банкаўскі адсоткі.

Але найбольш нечаканым было дзеяньне Ўладзімера Ярмошына, калі адмысловым распараджэньнем урад замацаваў за міністэрствамі ды іншымі ўрадавымі ворганамі асобныя калгасы ды саўгасы ў якасьці "падшэфных". Гэтак за Міністэрствам адукацыі (нібы там працуюць аграномы ды заатэхнікі) замацаваны калгас імя Карла Маркса Лагойскага раёну. За Нацыянальным банкам – калгас "60 год БССР" Пружанскага раёну, а за Міністэрствам абароны, дзе безьліч таннае рабочае сілы – ажно тры калгасы. Што гэта азначае? Анічога іншага, апроч пераразьмеркаваньня сродкаў дзяржаўных установаў на карысьць аграрнага сэктару. Але ці дапаможа гэта калгасам ды саўгасам?

Але на гэтым кропка не пастаўленая. Аднаўленьне згубнага савецкага досьведу "шэфства гораду над вёскаю" толькі пачынаецца. Абласным і гарадзкім выканаўчым камітэтам даручана замацаваць слабыя калгасы ды саўгасы за прамысловымі прадпрыемствамі. Эканамічна знямоглыя прамысловыя прадпрыемствы мусяць пераключаць свае абмежаваныя рэсурсы на сельскую гаспадарку. Вядома, што "шэфы" мала ратавалі вёску ў былы час. Тым болей не ўратуюць зараз.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG