Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 сакавіка 2000 г.


Кастусь Бандарук

Чым бліжэй 26 сакавіка – дата прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі – тым больш становіцца відавочным, што новым гаспадаром Крамля будзе Ўладзімер Пуцін. Зь ліку 11-ці кандыдатаў, акрамя Пуціна, некаторыя шанцы мае толькі лідэр камуністаў Зюганаў. Адсюль сярод аглядальнікаў найбольшае зацікаўленьне менавіта гэтымі двума кандыдатамі ды іхнымі праграмамі.

Калі б выбары адбыліся ў гэтую нядзелю, за Ўладзімера Пуціна прагаласавалі б 58% выбаршчыкаў, а за Генадзя Зюганава 21%.
У параўнаньні зь імі іншыя кандыдаты застаюцца далёка ззаду. Лідэр "Яблыка" Грыгоры Яўлінскі можа разьлічваць максымум на 5 адсоткаў галасоў, а лідэр ультранацыяналістаў Ўладзімер Жырыноўскі можа наскрэсьці ня болей 3%. Ніводзін з астатніх кандыдатаў не атрымае нават 2% галасоў.

Такія вынікі апошняга апытаньня, праведзенага Агульнарасейскім Цэнтрам Дасьледаваньня грамадзкае думкі, у якім верагоднасьць памылкі не перавышае 4-х адсоткаў. "Галоўная сэнсацыя гэтых выбараў у тым, што ня будзе ніякай сэнсацыі," – лічыць дырэктар загаданага Цэнтру Юры Левада.

Дарэчы, за апошнія два з паловай месяцы папулярнасьць галоўных прэтэндэнтаў на Крэмль у асноўным не зьмянілася. Пуцін, які адразу пасьля пераняцьця абавязкаў прэзыдэнта наведаў Чачню, падбадзёрыў генэралаў і абяцаў расправіцца з чэчэнскімі бандытамі, нязьменна карыстаецца падтрымкай каля 60-ці адсоткаў расейскага грамадзтва. Яшчэ да выбараў, зь вернападданымі жэстамі падтрымкі і ляяльнасьці выступаюць усё новыя палітыкі і партыі.

Для аглядальнікаў відавочна, што папулярнасьць Пуціна абсалютна не зьвязаная з прывабнасьцю ягонай палітычнай праграмы. Ён гаворыць толькі пра магутную і квітнеючую Расею, але не тлумачыць, як ён мае намер дасягнуць гэтага. "Нам трэба ня толькі аднавіць гонар і годнасьць Расеі, але і не дапусьціць да развалу расейскай фэдэрацыі," – заявіў ён, выступаючы перад сваёй улюбёнай публікай – генераламі.

Наагул, "Пуцін можа разьлічваць найперш на электарат у мундурах," – лічыць галоўны рэдактар "Незалежнага Ваеннага Агляду" Вадзім Салаўёў. На ягоную думку, Пуцін карыстаецца найвышэйшым аўтарытэтам менавіта ва ўзброеных сілах і службе бясьпекі. Гэта – мільён дзьвесьце тысяч вайскоўцаў, і далейшыя тысячы ва ўнутраных войсках і службе бясьпекі. Пасьля абраньня, мяркуе Салаўёў, Пуцін узнагародзіць іх у першую чаргу, а тыя будуць гарантыяй ягонай прэзыдэнтуры. Пераймальнік недалужнага Ельцына, энэргічны, 47-гадовы былы супрацоўнік КГБ Пуцін падкрэсьлівае, што ягоныя дзеяньні на пасадзе выканаўцы абавязкаў прэзыдэнта гавораць самі за сябе.

Аднак, відавочна, найбольш трапляе да перакананьня расейскага грамадзтва пасьпяховая ваенная апэрацыя ў Чачні. Яна паказвае, што Пуцін – моцны кіраўнік, і ён сапраўды адбудуе моцную дзяржаву.

Затое больш шматслоўны – галоўны канкурэнт Пуціна, лідэр камуністаў Генадзь Зюганаў. Ён падрабязна гаворыць, што зрабіў бы, каб быў абраны прэзыдэнтам, але аглядальнікі лічаць ягоныя заявы чыстай дэмагогіяй.

Генадзь Зюганаў апошні раз выклаў сваю праграму ў часе сустрэчы з выкладчыкамі і студэнтамі мэталюргічнага Інстытуту. "Вы, маладыя людзі, не валодаеце ні грамам паліва. Усё забірае банда злодзеяў," –гэтак Зюганаў намякнуў на бізнэсоўцаў, якія кантралююць і, нібыта, раскрадаюць прыродныя рэсурсы. "Рэжым Ельцынавага пераймальніка прывядзе вас да галечы і паступовага выміраньня, дыктатуры і бяспарадкаў," – сказаў Зюганаў.

Лідэр камуністаў абяцае, што падвысіць заробкі настаўнікам і лекарам, зьнізіць цэны за мэдычныя паслугі, жыльлё, транспарт і паліва. Ён таксама абяцае зьнізіць падаткі, павялічыць выдаткі на ваенную прамысловасьць, навуку і культуру. Ён таксама абяцае ўвесьці дязржаўны кантроль за цэнамі і на працягу двух гадоў запэўніць кожнаму расейцу працу. На пытаньне: адкуль ён возьме грошы на ўсё гэта, Зюганаў адказвае, што паўторна нацыяналізуе вельмі прыбытковую здабычу нафты і газу, а таксама вытворчасьць алкаголю. Дзеля гэтага, лічыць Зюганаў, трэба таксама "нармалізаваць" эмісію грошай, што аналітыкі ўспрымаюць, як друкаваньне паперак.

Лідэр расейскіх камуністаў найлепш сябе адчувае сярод пенсіянэраў і бюджэтнікаў, тых хто адчувае горыч і сумуе па веліччы Савецкага Саюзу. Ён таксама адклікаецца да расейскага нацыяналізму і патрыятызму. Гэта зьядноўвае яму сымпатыі ня толькі з боку рабочых і калгасьнікаў, але і сярод Праваслаўнае Царквы, якая ў свой час афіцыйна выкляла камуністаў. Зюганаў запэўнівае, што ў выпадку абраньня ён у ніякім выпадку ня будзе дыктатарам, але прывядзе да абмежаваньня паўнамоцтваў прэзыдэнта і пашырэньня ўлады парляманту.

Мяркуецца, што шчодрыя абяцаньні Зюганава мала што зьменяць. І ён, і Пуцін набяруць прыблізна гэтулькі галасоў, як паказваюць апытаньні. Што тычыцца Захаду, дык усьлед за Вашынгтонам і Лёнданам усе сталіцы заяўляюць, што Пуцін – сур'ёзны і прагматычны палітык, а з такім заўсёды можна дамовіцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG