Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 сакавіка 2000 г.


Ігар Карней, Менск

25 рэжысэраў кінастудыі "Беларусьфільм" выказалі недавер намесьніку міністра культуры Юрыю Цьвяткову. Паводле меркаваньня рэжысэрскае Гільдыі, сем гадоў, на працягу якіх Цьвяткоў курыраваў беларускі кінематограф, сталі трагічнымі для "Беларусьфільму".

Сярод аўтараў звароту – рэжысэры, якія некалі прынесьлі ўсясьветную вядомасьць беларускаму кінематографу. Гэта Алай, Дабралюбаў, Карпаў, Жданоўскі, Рыбараў, Юхаў ды іншыя. Шмат хто зь іх на працягу некалькіх гадоў ня маюць магчымасьці працаваць. І апэляваць няма да каго: амаль 10 месяцаў на кінастудыі "Беларусьфільм" няма дырэктара.

Увесь гэты час, паводле меркаваньняў бальшыні супрацоўнікаў "Беларусьфільму", з боку Міністэрства культуры мэтаскіравана вядзецца палітыка на вынішчэньне нацыянальнага кіно.

Крытычная сытуацыя стала падставаю да правядзеньня па-за чарговага сходу рэжысэрскае Гільдыі, дзе й была прынятая заява наконт, так бы мовіць, "галоўнага магільшчыка" айчыннага кінамастацтва. Старшыня Гільдыі рэжысэраў Дзьмітры Зайцаў лічыць, што галоўная памылка Цьвяткова ў тым, што той вырашыў паўстаць над усімі, а ня йсьці разам. У заяве, якую Зайцаў падрыхтаваў ад імя Гільдыі, гаворыцца: "З прыходам Цьвяткова ў Міністэрства дырэктара на кінастудыі фактычна не было. Усё кіраўніцтва ажыцьцяўлялася непасрэдна ім. Многія супрацоўнікі студыі вінаватыя разам зь міністэрскім чыноўнікам. Цьвяткоў таленавіта наблізіў да сябе людзей, якія выконваюць толькі ягоную волю".

Непаразуменьне паміж міністэрскім чыноўнікам і "беларусьфільмаўцамі" стала падставаю да скліканьня нечарговага зьезду Саюзу кінематаграфістаў. Пратэстуючы супраць узурпацыі улады ў кінематографе, падаў у адстаўку старшыня ўправы Саюзу Ігар Воўчак.

Практычна ва ўсіх выступах на зьезьдзе гучала, што трэці год запар бюджэт студыі "праядаецца" адной ідэялягічнай стужкаю – "Момант ісьціны" Міхала Пташука. Дарэчы, нядаўна на загад Міністэрства культуры створаная апэратыўная група, якой даручана штотыднёва разглядаць ход здымачнага працэсу й дакладаць вынікі непасрэдна Аляксандру Лукашэнку.

А вось меркаваньне аднаго зь ініцыятараў вотуму недаверу Цьвяткову, рэжысэра-дакумэнталіста Анатоля Алая…

"Ёсьць кіраўнікі, якую б пасаду не займалі, дзе б ні працавалі, там заўсёды ўсё развальваецца. Дык вось такім "знакам бяды" для беларускага нацыянальнага кінематографу стаў намесьнік Міністра культуры Юры Цьвяткоў. Гэта сьцьвярджаюць і рэжысэрская Гільдыя, і ўправа Беларускага Саюзу кінематаграфістаў, і калектыў кінастудыі "Беларусьфільм". Чалавек, надзелены ўладаю, зрабіў столькі, колькі не зрабіў ані водзін з высокапастаўленых кінаначальнікаў – прывёў наш кінематограф да краху. І менавіта чаму? Таму што нецярпімасьць да здаровае крытыкі, зьвядзеньне ўласных рахункаў, адкрытыя перасьлед падначаленых – асабістыя якасьці Цьвяткова", – так мяркуе Анатоль Алай.

У мінулым годзе ў Беларусі прайшла рэкордная колькасьць кінафэстываляў пад эгідаю Міністэрства культуры – 13. Пры тым, што ў павілёнах "Беларусьфільму" ужо даўна нічога не здымаецца, колькасьць, безумоўна, уражвае. Справаздачы Цьвяткова, якія спраўна друкуе "Советская Белоруссия", малююць ідылію, якая быццам існуе на кінарынку Рэспублікі. Людзі, якія маюць непасрэднае дачыненьне да стварэньня кінастужак, лічаць інакш.

XS
SM
MD
LG