Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 сакавіка 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

У Менску адбылося паседжаньне рабочае групы ў правядзеньні гэтак званага "грамадзка-палітычнага дыялёгу". На працягу амаль трох гадзінаў група грамадзкіх дзеячоў на чале з чыноўнікам адміністрацыі Лукашэнкі Ігарам Велічанскім абмяркоўвала праект рэглямэнту правядзеньня гэтага самага "дыялёгу".

Галоўным аб'ектам для разгляду на сёньняшнім паседжаньні стаў праект рэглямэнту, над якім больш за два тыдні працавала група экспэртаў. Адзін з кіраўнікоў рабочае групы ў падрыхтоўцы "дыялёгу" Ігар Велічанскі заявіў, што абмеркаваньне рэглямэнту ёсьць звычайнай рабочай праблемаю і адмовіўся даваць журналістам якія-кольвек камэнтары адносна ходу працы над гэтым дакумэнтам. Маўляў, празь некалькі дзён рэглямэнт будзе надрукаваны ў дзяржаўных газэтах, тады й будзеце задаваць свае пытаньні.

Само ж паседжаньне нешматлікіх удзельнікаў рабочае групы, сярод якіх самымі вядомымі былі старшыня Гэльсынскага камітэту Тацяна Процька, лідэр руху"Яблоко" Вольга Абрамава й дэпутат прэзыдэнцкае "палаты" Пётар Жушма, адбывалася за зачыненымі дзьвярыма.

Аднак пасьля ягонага заканчэньня праект рэглямэнту пабачыць усё ж такі ўдалася. Гэта даволі вялікі дакумэнт з 45 пунктаў, які вызначае правы й абавязкі ўдзельнікаў гэтак званага "дыялёгу". Паводле рэглямэнту, свае рашэньні ўдзельнікі гэтае дзеі прымаюць кваліфікаванай бальшынёю, аднак яны будуць насіць толькі дарадчы характар. Улады ж у сваю чаргу бяруць на сябе абавязак разгледзець кожнае рашэньне, прынятае ў выніку "дыялёгу".

Аднак гэта зусім не азначае, што ўлады будуць выконваць гэтыя рашэньні-парады. Тым ня менш удзельнікі рабочае групы ў падрыхтоўцы "дыялёгу" настроеныя даволі аптымістычна. Як паведаміла нашаму радыё адная з удзельніцаў сёньняшняга паседжаньня, старшыня БГК Тацяна Процька, улады пакуль дэманструюць сваю гатоўнасьць весьці ў рамках "дыялёгу" абмеркаваньне любых праблемаў. Прынамсі, такое ўражаньне ў яе засталося ад таго, як паводзілі сябе ў часе абмеркаваньня праекту рэглямэнту спадары Велічанскі й Жушма.

Старшыня Гэльсынскага камітэту таксама паведаміла, што на паседжаньні рабочае групы сёньня былі вылучаныя прыярытэтныя блёкі пытаньняў, якія будуць разглядацца ў першую чаргу пасьля пачатку "дыялёгу". Гэта Выбарчы кодэкс, палітычныя і сацыяльныя правы грамадзянаў, праблемы разьвіцьця ў Беларусі грамадзянскае супольнасьці, хаўрус з Расеяй і пытаньні экалягічнае бясьпекі.

Паводле словаў Тацяны Процькі, мяркуецца стварыць некалькі групаў удзельнікаў "дыялёгу", якія будуць працаваць на адпаведных кірунках – палітыка, экалёгія, правы чалавека й г.д. Статус жа дзяржаўнага чыноўніка, што будзе браць удзел у "дыялёгу", рэглямэнтуецца тым, наколькі важнае пытаньне выносіцца на абмеркаваньне. Чым важнейшае пытаньне, тым вышэйшы статус.

Сяброў рабочае групы ніколькі не бянтэжыць тое, што ў такім фармаце "дыялёгу" не жадаюць удзельнічаць прадстаўнікі пяці асноўных апазыцыйных партыяў краіны. Прыхільнікі "дыялёгу" гавораць, што пачынаць размову з уладамі ў шырокім коле пытаньняў трэба ў любым выпадку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG