Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 сакавіка 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Намер адзначыць Дзень Волі 25 сакавіка "пры любых абставінах" аб'яднаная апазыцыя пацьвердзіла й на прэсавай канфэрэнцыі, што адбылася пасьля сканчэньня паседжаньня Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту.

Лідэры апазыцыі выказалі сваё абурэньне сёньняшнім рашэньнем сталічных уладаў. "Марш Свабоды – 2", на іхную думку, не даваў для такога рашэньня аніякіх падставаў. Віцэ-прэзыдэнт Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафэсійных саюзаў Віктар Івашкевіч, які адказваў за захаваньне ўдзельнікамі "Маршу" грамадзкага парадку, назваў аргумэнты гарадзкога выканаўчага камітэту абсурднымі.

"Пасьля заканчэньня мітынгу 15 сакавіка, – паведаміў ён, – падпалкоўнік Гірэль, што кіраваў міліцэйскімі сіламі, ад імя праваахоўчых ворганаў выказаў мне афіцыйную падзяку". Істэрычныя паводзіны ўладаў, паводле словаў Віктара Івашкевіча, выкліканыя страхам. З моманту масавых акцыяў красавіка 91-га году, цяперашні Марш Свабоды, сказаў Івашкевіч, быў самым людным, і ўлады баяцца, што 25 сакавіка адзначыць Дзень Волі прыйдзе яшчэ больш.

Старшыня выканаўчага камітэту Аб'яднанае грамадзянскае партыі Яўген Лабановіч давёў да ведама журналістаў, што Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт прыняў рашэньне ў парушэньне дзейнага заканадаўства. Закон аб мітынгах і шэсьцях, – сказаў ён, – гаворыць толькі пра чатыры чыньнікі, на падставе якіх можна было забараніць заплянаваныя на 25 сакавіка масавыя акцыі:

"Першае – калі ў заяўцы наўпрост сказана, што гэтая акцыя скіраваная на зрынаньне йснуючага ладу. Другое – што скіравана на распальваньне расавае нянавісьці. Трэцяе – нянавісьці нацыянальнай і рэлігійнай. Чацьвертае – распальваньне сацыяльнае варожасьці. Але Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт забараніў шэсьце, не спасылаючыся ні на адзін з гэтых чыньнікаў.

Апроч таго, закон не дазваляе зьмяняць фармат акцыі. Калі заяўленыя шэсьце й мітынг, то ўлады маюць права мяняць маршрут і месца правядзеньня. Калі фарматам зьяўляецца шэсьце й мітынг, то павінны быць дазволеныя шэсьце й мітынг", – зазначыў Яўген Лабановіч.

Апроч таго, ён зьвярнуў увагу й на такі праўны чыньнік сёньняшняга разгляду заявак апазыцыі ў Менскім гарадзкім выканаўчым камітэце. Калі, як гаворыцца ў ягоным рашэньні, арганізатары "Маршу Свабоды" не выканалі сваіх дамоўленасьцяў з уладамі пад час акцыі, то іх варта было пакараць. У адпаведнасьці з заканадаўствам. Аднак, – сказаў Лабановіч, – сёньня ў гарадзкім выканаўчым камітэце з боку кіраўніцтва менскае міліцыі на чале з Барысам Тарлецкім не было аніякіх нараканьняў да апазыцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG