Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 сакавіка 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт разглядаў заяўкі на правядзеньне шэсьцяў і мітынгу на Дзень Волі 25 Сакавіка. Пасьля паўтарагадзіннага абмеркаваньня ён дазволіў толькі мітынг на пляцы Бангалёр. Шматлікія заяўнікі выказалі нязгоду з гэтым рашэньнем і адразу ж падрыхтавалі скаргу ў суд.

Рашэньне менскіх гарадзкіх уладаў лёгка было прагназаваць. Напярэдадні Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт выступіў зь нечаканай заяваю пра тое, што пад час "Маршу Свабоды – 2" апазыцыя парушыла грамадзкі парадак, спыніла рух транспарту.

Апазыцыі прыпісалі нават зьбіцьцё карэспандэнта НТВ Аляксандра Каўпакова. Гэта дзіўна, бо ў сваіх папярэдніх камэнтарах прадстаўнікі гарадзкіх уладаў прызнавалі, што "Марш Свабоды" прайшоў арганізавана й мірна.

Да таго ж кіраўнік Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ Ганс-Георг Вік, які асабіста адсочваў "Марш Свабоды", у адмысловым лісьце ў гарадзкі выканаўчы камітэт выказаў задавальненьне мірным і спакойным зыходам акцыі, якая прынесла толькі мінімальныя нязручнасьці гораду. Але зь мірнага "Маршу Свабоды" Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт зрабіў зусім нечаканую выснову: у далейшым такія шэсьці дазваляцца ня будуць.

Супрацоўнікі гарадзкога выканаўчага камітэту наўмысна абмежавалі доступ на сваё паседжаньне прадстаўнікоў прэсы, хаця заяўнікі прасілі дапусьціць журналістаў у залю. Лідэр БНФ Вінцук Вячорка лічыць, што сябрам выканаўчага камітэту было проста сорамна. Але гэты сорам ня даў журналістам магчымасьці пачуць аргумэнты ўладаў.

На паседжаньні выконваючы абавязкі старшыні гарадзкога выканаўчага камітэту Сянкевіч і ягоны намесьнік Чыкін па сутнасьці паўтарылі прэтэнзіі з учорашняе заявы, яны не ўлічылі пратэстаў заяўнікоў акцыі на Дзень Волі, і далі дазвол толькі на мітынг на пляцы Бангалёр з 12-ці да 15-ці гадзінаў. Гаворыць Вінцук Вячорка:

"Не было ў іх аніякіх аргумэнтаў. У Менску ня йснуе гарадзкое ўлады, ёсьць вэртыкаль, прызначаная Лукашэнкам, і тыя людзі, якія цяпер нібыта прымалі рашэньне, на самарэч агучвалі гістэрыку галоўнага пахана – Лукашэнкі. Ён у паніцы пасьля пасьпяховага "Маршу Свабоды", ён разумее, што прыйдзе болей народу, у яго не хапае мужнасьці прызнаць, што Менск не ягоны, Менск – гэта горад наш. І адсюль ягонае правакацыяйнае рашэньне. Сьвяткаваньне 25 Сакавіка адбудзецца так, як адбывалася заўсёды ў Менску, пры любым надвор'і, пры любых раскладах… Ня першы год менавіта вакол галоўнага нашага сьвята – Дня Волі – разгортваецца такая гістэрыя ўладаў. Яны добра разумеюць, што масавыя маніфэстацыі ў гэты дзень паказваюць усю беспадстаўнасьць іхных інтэграцыйных гульняў і спасылак на ўсенародную волю да паяднаньня з Расеяй. Аказалася, што мірнага шэсьця Лукашэнка баіцца яшчэ ці ня болей як шэсьця нямірнага, бо гэта візульнае сьведчаньне таго, што народ яму не падпарадкоўваецца", – гаварыў Вінцук Вячорка.

Прадстаўнікі апазыцыйных арганізацыяў, настойвалі на тым, каб шэсьце й мітынг 25 Сакавіка адбыліся ў цэнты гораду. Усяго было пададзена чатыры заяўкі, зь іх дзьве ад прадпрымальнікаў, што згадзіліся далучыцца да БНФ.

Проста на паседжаньні ад сваёй заяўкі адмовіліся прадстаўнікі Кансэрватыўна-хрысьціянскае партыі БНФ. Вось як патлумачыў прычыну гэтай адмовы адзін зь лідэраў гэтае партыі Юрась Беленькі:

"Мы ня быдла, каб хадзіць на балота. Я гэтае месца ведаю зь дзяцінства, гэтае поле засыпанае касьцямі. Побач была досьледная станцыя. Гэта трэба ўвогуле не паважаць сябе як нацыю, каб на гэта згадзіцца – гаварыў Юры Беленькі.

Прадстаўнікі заяўнікаў ўпэўненыя, што гэтае рашэньне не канчатковае, і яны будуць дабівацца яго адмены. Гаворыць Вячаслаў Сіўчык:

"Сёньня ж будзе перададзеная заява ў суд, таму што ўсім вядома, што цяпер у Беларусі прымае рашэньні толькі адзін чалавек, аніякіх праўных аргумэнтаў на паседжаньні гарадзкога выканаўчага камітэту не было. Яны зьмянілі фармат нашае заяўкі, што забараняецца нават цяпер дзейным заканадаўствам. Я афіцыйна папярэдзіў на паседжаньні сябраў выканаўчага камітэту, што незалежна ад таго, які загад яны атрымалі зьверху, Дзень Волі ў Менску адбудзецца. З досьведу я ведаю што гэтае рашэньне яшчэ можа памяняцца", – гаварыў Вячаслаў Сіўчык, які заклікаў усіх сяброў гарадзкога выканаўчага камітэту прыйсьці на сьвяткаваньне галоўнага сьвята беларусаў – 25 Сакавіка.

XS
SM
MD
LG