Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 сакавіка 2000 г.


Юры Дракахруст, Менск

Учора скончыўся падрыхтоўчы пэрыяд абвешчанага Лукашэнкам гэтак званага «шырокага грамадзка-палітычнага дыялёгу». Пра вынікі гэтае падрыхтоўкі паведаміў у інтэрвію «Радыё Свабода» Ігар Велічанскі – чыноўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі, які адказвае за арганізацыю «дыялёгу».

Паводле словаў спадара Велічанскага, браць удзел у прапанаванай Лукашэнкам дзеі згадзіліся 70 грамадзкіх і грамадзка-палітычных араганізацыяў, у тым ліку 11 партыяў з 18 зарэгістраваных. Учора да ліку ўдзельнікаў "дыялёгу" далучылася Партыя камуністаў Сяргея Калякіна. Ігар Велічанскі паведаміў, што пакуль ня вызначылі сваю пазыцыю Партыя жанчынаў "Надзея" Палевіковай і Партыя Працы Бухвостава.

Прэзыдэнцкі чыноўнік заявіў, што рашэньне Партыі жанчынаў затрымліваецца з прычыны хваробы спадарыні Палевіковай. Што ж тычыцца Партыі працы, то яна, на думку Велічанскага, дасьць станоўчы адказ, бо шчыльна зьвязаная з Фэдэрацыяй прафэсійных саюзаў, які ўжо ўдзельнічае ў "дыялёгу".

Але пяць палітычных арганізацыяў згодныя весьці размовы з уладамі на ўмовах, вызначаных у мінулым годзе: гэта павінныя быць перамовы з аб'яднанай апазыцыяй пры абавязковым пасярэдніцтве АБСЭ. Такой пазыцыі прытрымліваюцца Аб'яднаная грамадзянская партыя, БСДГ Шушкевіча, сацыял-дэмакраты на чале са Статкевічам і абедзьве арганізацыі БНФ.

Але, паводле словаў Велічанскага, і з гэтымі арганізацыямі вызначаная форма ўскоснага супрацоўніцтва. Ён спаслаўся на меркаваньні Мікалая Статкевіча і Юрыя Хадыкі, якія нібыта пагадзіліся з тым, каб партыі, якія настойваюць на перамовах, бралі ўдзел ў "дыялёгу" на роўні экспэртаў. На думку Ігара Велічанскага, такім чынам і ўлада, і апазыцыя атрымліваюць магчымасьць "захаваць твар" і разам з тым зрушыць справу зь мёртвай кропкі. Мой суразмоўца заявіў, што "дыялёг" будзе захоўваць пераемнасьць зь перамоўным працэсам, які быў распачаты летась. Напрыклад, вядомы пратакол пра доступ апазыцыі да дзяржаўных мэдыяў, які быў падпісаны Сазонавым і Пастуховым, будзе не адхілены, а ператвораны.

Але дагэтуль не зусім ясна – у чым партыі так настойліва запрасілі ўдзельнічаць? Справа, зразумела, ня ў словах – "дыялёг", "перамовы", а ў працэдуры выпрацоўкі й прыняцьця рашэньняў. Груба кажучы, як будуць прымаць рашэньне 70 удзельнікаў "дыялёгу" – бальшынёю ці як?

Адказваючы на гэтае пытаньне, спадар Велічанскі заўважыў, што дыялёг павінен будавацца на прынцыпах роўнасьці, але пры абмеркаваньні палітычных пытаньняў партыі , паводле ягоных словаў, мусяць мець нейкія перавагі.

Але пытанбне значна больш важнае – ці будуць рашэньні, выпрацаваныя пад час "дыялёгу", абавязковыя для ўлады. Калі адказ станоўчы – гэта і ёсьць сур'ёзныя перамовы, як іх ні называй. У адваротным выпадку партыям давядзецца выконваць няўдзячную ролю дарадцаў Лукашэнкі, які можа да парадаў прыслухацца, а можа – і не. Дакладнага адказу на гэтае пытаньне я ад спадара Велічанскага не пачуў. Было сказана, што пэўны мэханізм абавязковасьці ў рэглямэнце "дыялёгу" прадугледжаны. Але з выкладзенай ім працэдуры прыняцьця рашэньня вынікае, што за Лукашэнкам у любым пытаньні будзе захоўвацца апошняе слова.

Падаецца, што ключавое слова, якое сказаў спадар Велічанскі – "захаваньне твару". Наўрад ці няпэўны публічны "дыялёг" зь нявызначаным фарматам сам па сабе прывядзе да пэўнага выніку. Сапраўдны дыялёг будзе весьціся ў іншых месцах: на вуліцах пад час акцыяў апазыцыі, у кабінэтах МЗС і адміністрацыі "прэзыдэнта", дзе прадстаўнікі Захаду будуць тлумачыць уладзе наступствы адмовы ад саступак апазыцыі. А няпэўнасьць фармату "дыялёгу" як раз і дасьць магчымасьць уладзе зрабіць гэтыя саступкі, захаваўшы твар. Як у савецкі час, калі нават падвышэньне коштаў на гарэлку рабілі "ў адпаведнасьці з просьбамі працоўных".

XS
SM
MD
LG