Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 сакавіка 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Супрацоўнікі Савецкага РАУС узбудзілі крымінальную справу супроць юнака, які ўчора ударыў у твар карэспандэнта НТБ Аляксандра Каўпакова пад час "Маршу Свабоды – 2".

Чалавек, які ўчора ўдарыў у твар карэспандэнта НТБ Аляксандра Каўпакова, знаходзіцца ў дзяжурнай частцы Савецкага РАУСу. Гэта студэнт Беларускага Дзяржаўнага унівэрсытэту Сяргей Козар. Ён вучыцца на другім курсе геаграфічнага факультэту.

Учора, калі толькі пачаўся рух калёны дэманстрантаў з пляцу Якуба Коласа па праспэкце Скарыны, чацьвёра маладых людзей падыйшлі да групы журналістаў і спыталі, ці ёсьць тут хто з НТВ. Пасьля адказу Аляксандра Каўпакова адзін зь іх з крыкам: "Гэта табе за Чачню!" – нанёс яму моцны ўдар у твар.

Каўпакоў схапіў гэтага хлопца, на дапамогу яму прыйшлі астатнія журналісты. Яны патрабавалі ад супрацоўнікаў міліцыі, каб тыя затрымалі хуліганаў. Але міліцыянты паводзілі сябе на зьдзіўленьне стрымана, рэагаваць на гэтую сытуацыю яны не сьпяшаліся.

Тады журналісты заявілі, што інцыдэнт зьняты на стужкі некалькімі тэлеапэратарамі. Толькі тады міліцыянты па рацыі выклікалі патрульную машыну. Машына знаходзілася ад мейсца здарэньня на адлегласьці 30 мэтраў, але ёй спатрэбілася цэлых пятнаццаць хвілінаў, каб даехаць да журналістаў.

Міліцыянты прапанавалі яшчэ тром асобам, што былі разам зь Сяргеем Козарам, сесьці ў патрульную машыну, але тыя кінуліся ўцякаць. Ніхто за імі не пагнаўся. Журналісты прапаноўвалі супрацоўнікам міліцыі разам паехаць у аддзел, каб быць сьведкамі ў справе, але ў гэтым ім было адмоўлена.

Сяргей Козар абвінавачваецца паводле артыкулу 201 часткі 2 Крымінальнага Кодэксу (Злоснае хуліганства, якое было зьдзейсьненае з асаблівым цынізмам і накіраванае на парушэньне грамадзкага парадку). За гэта прадугледжаная мера пакараньня ад аднаго да пяці гадоў пазбаўленьня волі.

Матывы гэтага правапарушэньня незразумелыя. Назіральнікі Гэльсынскага камітэту ацанілі яго як правакацыю з боку праваахоўных ворганаў. Аляксандар Каўпакоў мяркуе, што Козара, магчыма, не задавальняла пазыцыя НТВ у асьвятленьні чачэнскае тэматыкі. Ва ўсялякім выпадку, Сяргей Козар у Савецкім РАУСе свой учынак аніяк не патлумачыў.

Аляксандар Каўпакоў паведаміў "Радыў Свабода": "Мне цяжка меркаваць – чаму і як гэта адбылося. Калі камусьці хочацца памахаць кулакамі, то не шукаюць канкрэтную тэлекампанію, а яны шукалі менавіта НТВ і жадалі ўпэўніцца што Каўпакоў – гэта я. І ўвогуле, калі два чалавекі маюць жаданьне набіць камусьці твар, то яны ня робяць гэта так дэманстратыўна. Яны папросту б'юць і ўсё", – паведаміў Аляксандар Каўпакоў.

Учора пасьля правядзеньня апазыцыйнай акцыі "Марш Свабоды – 2" гэта была адзіная справа, якая мела працяг. Некалькіх распаўсюднікаў газэты "Навінкі", якія ў белых халатах раздавалі сваю газэту дэманстрантам, і яшчэ чатырох дэманстрантаў затрымалі пасьля шэсьця на кароткі тэрмін, але пасьля гэтак званае "прафіляктычнае размовы", адпусьцілі дахаты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG