Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 сакавіка 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Прадстаўнікі афіцыйных уладаў лічаць, што зарганізаваны ўчора апазыцыяй "Марш Свабоды – 2" ў цэлым прайшоў даволі спакойна. Тым ня менш, на думку дзяржаўных чыноўнікаў, арганізатары "Маршу" не да канца выканалі ўзятыя на сябе забавязаньні.

Улады абвінавачваюць апазыцыю ў неналежным падтрыманьні грамадзкага парадку ў часе правядзеньня акцыі. Маўляў, удзельнікі "Маршу" занялі ўсю праезную частку праспэкта Скарыны, а не ягоную восевую лінію, як было дамоўлена, і такім чынам спаралізавалі рух грамадзкага транспарту.

Гаворыць намесьнік старшыні Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту Віктар Чыкін: "У цэлым усё прайшло спакойна, але ў вадрозьненьні ад уладаў, якія выканалі ўсе свае абяцаньні, арганізатары не далі рады сваім забавязаньням. Мы ж дамаўляліся, што застануцца свабоднымі два крайнія пасы дарогі. Але дэманстранты цалкам перакрылі рух транспарту й спатрэбіліся значныя высілкі, каб гэты рух аднавіць", – паведаміў спадар Чыкін.

Падобную думку выказаў сёньня й намесьнік начальніка сталічнае міліцыі Сяргей Саланец. Ён лічыць, што ў пэўны момант арганізатары "Маршу" перасталі кантраляваць сытуацыю, рух транспарту на праспэкце Скарыны быў спынены і, маўляў, толькі дзякуючы прафэсійным дзеяньням міліцыі становішча ўдалася нармалізаваць.

Чыкін і Саланец таксама сьцьвярджаюць, што некаторыя ўдзельнікі "Маршу Свабоды" рыхтаваліся да больш маштабных правакацыяў. Віктар Чыкін працягвае: "Дамаўляліся, што ніхто ня будзе хаваць свой твар пад хусткі й маскі. Тым ня менш, гэта было. Паводле нашых дадзеных рыхтаваліся й іншыя правакацыі. Некаторыя асобы з пэўных палітычных колаў там спрабавалі нешта такое зарганізаваць. І ўжо зусім абуральны факт спробы нападу на здымачную групу тэлекампаніі НТВ. На шчасьце гэтым разам сярод арганізатараў "Маршу" "папоў гапонаў" не знайшлося. Але сёньня мы сутыкнуліся з масавым абурэньнем грамадзянаў з-за спыненьня транспарту, і я думаю, што ў бліжэйшы час гарвыканкам дазволаў на шэсьці даваць ня будзе".

Гэта быў намесьнік старшыні Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту Віктар Чыкін, які таксама лічыць, што арганізатары "Маршу" не прадэманстравалі дэкляраваных мэтаў падтрымкі перамоўнага працэсу, а сама акцыя была зьведзеная да выкрыкаў "ганьба" й "далоў". На меркаваньне спадара Чыкіна ва ўчорашняй акцыі бралі ўдзел ня больш як 5 тысячаў чалавек.

Чыноўнік адміністрацыі Лукашэнкі, адказны за дыялёг паміж уладаю і грамадзтвам, Ігар Велічанскі ў сваім камэнтары закрануў толькі палітычны аспэкт праведзенага "Маршу Свабоды". Паводле ягоных словаў, тыя, хто разьлічваў на абвастрэньне ці паўзу ў дыялёгу, пралічыўся.

На думку спадара Велічанскага, як форма выразу незадавальненьня падобныя акцыі дазволеныя Канстытуцыяй. Але яго засмучае тое, што апазыцыя падае акцыі "гарачай вясны" як падтрымку дыялёгу. Ігар Велічанскі мяркуе, што "15 сакавіка ўсё прайшло спакойна, але невядома, як пройдзе дэманстрацыя 25-га. Яны могуць выкарыстоўваць вулічную дэмакратыю для ціску, але калі гэта разглядаць як галоўны аргумэнт – дык гэта тупік".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG