Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 сакавіка 2000 г.


Аляксандр Лукашук

Выканаўчы дырэктар Міжнароднай Лігі правоў чалавека (Ню-Ёрк) Кэці Фіцпатрык адказвае на пытаньні Аляксандра Лукашука.

(Лукашук: ) "Сп. Фіцпатрык, чаму зварот Вашай Лігі да АБСЭ зьявіўся менавіта цяпер? Гэта зьвязана з Маршам Свабоды?"

(Фіцпатрык: ) "Некалькі прычынаў. Мы ўжо пэўны час плянавалі выступіць з падобным зваротам. Асабліва ў сувязі зь візытам эўрапейскай тройкі – на апазыцыю быў аказаны пэўны ўціск, каб тая ізноў ўзяла ўдзел у дыялёгу. Але напрыканцы візыту тройка зрабіла добрую заяву, у тым сэнсе, што ў сапраўднасьці ніякія перадумовы нявыкананыя. Мы хацелі б падкрэсьліць важнасьць выкананьня перадумоваў для выбараў, зьвязаных з правамі чалавека. Мы таксама памятаем пра выбары ў Расеі, якія адбудуцца праз пару тыдняў. Мы адчуваем, што сытуацыя ў Расеі моцна ўплывае на Беларусь і на Эўропу. Мы хацелі б, каб наш зварот прагучаў перад выбарамі – і, зразумела, перад Маршам Свабоды-2.

Мы хочам падкрэсьліць, што сапраўдная праблема ў Беларусі – гэта ня тое, што апазыцыя разьяднаная альбо зь ёй цяжка дамовіцца, ці што яна ня хоча дамаўляцца, – сапраўдная праблема – паршуэньне правоў чалавека".

(Лукашук: ) "Сп. Фіцпатрык, што ў Беларусі найбольш за ўсё трывожыць вашую арганізацыю сёньня?"

(Фіцпатрык: ) "Самая галоўная праблема – зьнікненьне людзей і тое, што ня зроблены сапраўдныя высілкі ў іх пошуках. Поўна супярэчлівых заяваў ад уладаў, і паколькі ўсе апынуліся ў пастцы выбарчай ліхаманкі, мы схільныя забыць, што гэтых людзяй па-ранейшаму няма, і што нехта павінен шукаць іх. А паколькі ніхто ня можа іх знайсьці, гэтая праблема адсоўваецца на задні плян. Мы ня хочам гэтага дапусьціць.

Мы таксама вльмы занепакоеныя магчымымі арыштамі і зьбіцьцём пад час Маршу Свабоды-2, як гэта здаралася раней. Кожнага разу пад час такіх маршаў адбываюцца масавыя арышты. У кастрычніку адбыліся сапраўды жахлівыя выпадкі персьледу людзей, зьнявагі жанчынаў, жорсткага зьбіцьця. Мы хочам паспрабаваць папярэдзіць такое разьвіцьцё падзеяў. Калі ня можна папярэдзіць зьбіцьцё, ня можна арганізаваць мірную дэманстрацыю, тады няможна мець нармальныя выбары. Гэта даволі проста. Сёньня Дзярждэпартамэнт выступіў з даволі моцнай заявай на гэты конт.

Мы разумеем, што на любой масавай акцыі некаторыя людзі могуць паспрабаваць ужыць сілу. Але важна, каб іх на гэта не правакавалі. А на апошнім маршы быў афіцэр міліцыі, Батурын, які пазьней паведаміў пра загад правакаваць беспарадкі, які ён атрымаў. Мы хочам, каб гэта ня здарылася гэтым разам. Мы таксама дамагаемся свабоднага пераезду сям'і Батурына і палітычнага прытулку для яго, бо ягонае жыцьцё таксам ў небясьпецы з прычыны ягоных выкрыцьцяў.

Застолася менш за 24 гадзіны да таго, як мы пабачым, ці спраўдзяцца гэтыя спадзяваньні на мірны характар Маршу. Сёньня раніцай Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ён зьдзіўлены дазволам на Марш, а таксама папярэдзіў удзельнікаў, што (цытую) "калі тыя зробяць крок налева-крок направа , дык шмацьцё паляціць".

(Лукашук: ) "У звароце Міжнароднай Лігі правоў чалавека да АБСЭ гаворыцца пра тое, што працэс дэмакратызацыі Беларусі ня будзе хуткім, але дзьверы ўжо зачыняюцца. Гэта зварот надзеі ці ўжо зварот адчаю?"

(Фіцпатрык: ) "Там крыху ўсяго. Акно магчымасьцяў зачыняецца. Да парлямэнцкіх выбараў ужо мала часу. Кастрычнік – гэта ўжо запозна, каб апазыцыя магла ўзяць паўнавартасны ўдзел у выбарах. Бо ў апазыцыі не было свабоды сходаў, свабоды аб'яднаньняў, свабоды слова. Кал яны яе нават атрымаюць, будзе запозна – ня можна правесьці выбарчую кампанію за некалькі тыдняў ці нават месяцаў. Пытаньне – які гэта будзе парлямэнт? – таксама ёсьць прадметам перамоваў, і вельмі цяжкіх перамоваў. І Захаду тут пакуль не ўдалося дасягнуць посьпеху.

Мы таксама ведаем пра цяжкі ціск на Беларусь у справе саюзу з Расеяй. Мы вельмі заклапочаныя. Беларусь у небясьпецы. Яе свабода ў небясьпецы, і на кон пастаўленая яе будучыня. І цяпер залежыць, ці Эўропа, іншыя сябры міжнароднай супольнасьці датрымаюцца прынцыпаў і змогуць супрацьстаяць гэтай пагрозе. Зараз момант, калі гэта можна зрабіць".

З Кэці Фіцпатрык, выканаўчым дырэктарам Міжнароднай Лігі правоў чалавека зь Ню-Ёрку, гутарыў

XS
SM
MD
LG