Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 сакавіка 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

«Марш Свабоды-2» пачнецца заўтра а 18-й гадзіне з пляцу Якуба Коласа. Па праезнай частцы праспэкту Скарыны, вуліцаў Сурганава й Багдановіча калёна пройдзе на пляцоўку ля аўтастанцыі на вуліцы Кульман. Там адбудуцца сьвяточны мітынг і рок-канцэрт. Арганізатары мяркуюць, што ўдзельнічаць у акцыі будзе блізу 100 тысячаў чалавек.
Сёньня наш карэспандэнт Ягор Маёрчык прайшоў маршрутам заўтрашняй акцыі.

Улады Менску рыхтуюцца да маючага адбыцца «Маршу Свабоды - 2» ня менш актыўна, чым арганізатары акцыі. Але своеасаблівым чынам. Сёньня зранку на вуліцы Сурганава пачаўся рамонт езднае часткі – рабочыя кладуць асфальт. Адмысловая тэхніка замінае руху па ходніках і стварае перашкоды для грамадзкага транспарту. Дарожныя службы пачалі рамантаваць якраз тую частку вуліцы, дзе заўтра пройдзе калёна дэманстрантаў. «Дзірак» у асфальце гэтак шмат, што ліквідаваць іх да пачатку шэсьця не пасьпеюць.

На пляцоўцы, дзе заўтра павінен адбыцца мітынг, цішыня. Сцэна, абяцаная Менскім гарадзкім выканаўчым камітэтам, яшчэ не змайстраваная. На месцы, дзе пад час кастрычніцкага «Маршу Свабоды - 1» знаходзіліся выступоўцы, цяпер ляжыць куча сьмецьця. Па дарозе да пляцоўкі аўтастанцыі рабочыя выкапалі некалыькі канаваў, каб пракласьці тэлефонны кабель. Аднак кабель яшчэ не прывезьлі…

Прадстаўнік гарадзкога выканаўчага камітэту Алена Аўрынская заявіла «Радыё Свабода», што сцэна для выступоўцаў будзе пабудаваная заўтра. Тады ж, маўляў, падключаць электрычнасьць і прывязуць гукаўзмацняльнае абсталяваньне. Вуліца Сурганава, паводле словаў спадарыні Аўрынскай, рамантуецца дзеля таго, каб зьменшыць колькасьць перашкодаў на шляху калёны.

Падрабязнасьці мастацкага аздабленьня «Маршу Свабоды – 2» трымаюцца ў сакрэце. Арганізатары абяцяюць шмат сюрпрызаў і нечаканасьцяў. У адрозьненьне ад кастрычніцкага «Маршу», сёлетнюю акцыю плянуецца скончыць сьвяточным канцэртам гуртоў "NRM" і "Нэйра-Дзюбель".

Лідэр "NRM" Лявон Вольскі кажа, што, беручы ўдзел у канцэрце, музыкі выказваюць сваю грамадзкую пазыцыю…

(Вольскі: ) "Гэта – вартасная акцыя. Справа каштуе таго, каб выступіць. Я лічу асабіста, што старая форма мітынгу ўжо даўно не актуальная. Я лічу, што зараз наагул ня трэба прамоваў. Людзі павінныя дайсьці да канцу шэсьця, а там мусяць быць новыя формы работы з народам. Рок-н-рол у таталітарнай дзяржаве – гэта пэўная ступень свабоды і разьняволенасьць унутры чалавека. Разьняволенасьць ягонай сьвядомасьці".

Шэсьце й мітынг плянуюць назіраць блізу 100 дэпутатаў і праваабаронцаў з ЗША, Польшчы, Чэхіі, Украіны й Летувы.

Акцыі салідарнасьці пройдуць і за межамі Беларусі. У Кіеве пад лёзунгамі «Расея, спыні акупацыю Беларусі!», «Украіна за незалежную Беларусь!», «Не – рэанімацыі Савецкай імпэрыі на беларускай зямлі» украінскі «Малады Рух» будзе пікетаваць амбасаду Расеі. 15 сакавіка Швэдзкія сацыял-дэмакраты распачынаюць гадавую акцыю салідарнасьці пад назовам "Stop Luka!".

«Марш Свабоды – 2» зьяўляецца першай з шэрагу акцыяў пад агульным назовам «Вясна-2000». Палітычная кампанія, якая складаецца таксама з Дня Волі 25 сакавіка, Дня пратэсту 2 красавіка, Чарнобыльскага Шляху й Сьвята працы – мае на мэце абараніць незалежнасьць і дамагчыся дэмакратычных зьменаў у Беларусі.

XS
SM
MD
LG