Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 сакавіка 2000 г.


Менскія ўлады далі сёньня дазвол на правядзеньне ў сталіцы 15 сакавіка "Маршу Свабоды–2". Паседжаньне гарадзкога выканаўчага камітэту, на якім прысутнічалі і арганізатары акцыі, працягвалася больш за паўтары гадзіны, і, ўрэшце, бакі прыйшлі да згоды: дэманстрантам дазволена прайсьці ад пляцу Якуба Коласа па праспэкце Скарыны й вуліцы Сурганава да пляцоўкі на вуліцы Кульман (побач з пляцам Бангалёр), дзе адбудзецца мітынг.

У сёньняшнім паседжаньні гарадзкога выканаўчага камітэту, якое вёў першы намесьнік старшыні Генадзь Сянкевіч, бралі ўдзел ягоны намесьнік Віктар Чыкін, шэф сталічнае міліцыі Барыс Тарлецкі, а таксама іншыя чыноўнікі. Арганізатараў "Маршу Свабоды" прадстаўлялі Вінцук Вячорка, Віктар Івашкевіч, Аляксандар Дабравольскі, Юры Хадыка ды іншыя апазыцыянэры (усяго 23 чалавекі).

Спадар Сянкевіч адразу ж абвясьціў арганізатарам "Маршу", што гарадзкі выканаўчы камітэт прапануе два варыянты вырашэньня праблемы правядзеньня акцыі.

Першы – гэта ўвогуле адмова апазыцыі ад правядзеньня акцыі 15 сакавіка. Паводле словаў Генадзя Сянкевіча, такім рашэньнем апазыцыя прадэманстравала бы грамадзтву сваю гатоўнасьць весьці дыялёг з уладамі.

Аднак апазыцыянэры адразу ж заявілі, што гэтакая прапанова абсалютна безсэнсоўная й непрымальная, бо аніякага дыялёгу ў Беларусі пакуль не вядзецца.

Паводле другога варыянту ўладаў, апазыцыянэрам прапанавалі прайсьці 15-га ўвечары ад пляцу Якуба Коласа па аднайменнай вуліцы й па вуліцы Сурганава да пляцу Бангалёр і праводзіць там свой мітынг.

Арганізатары акцыі таксама адкінулі гэтую прапанову. На іхную думку 15 сакавіка – Дзень Канстытуцыі ёсьць сьвятам дзяржаўным і павінна адзначацца на належным узроўні і ў цэнтры сталіцы. Напрыклад прадстаўнік "Хартыі-97" Зьміцер Бандарэнка, паведаміў гарадзкім уладам, што 100 тысячаў чалавек (а менавіта на такую колькасьць удзельнікаў разьлічваюць арганізатары "Маршу"), проста ня зьмесьцяцца на вузкіх вуліцах, і на пляцы Бангалёр, які ў сапраўднасьці ёсьць звычайнай балоцістай мясцовасьцю. У якасьці аргумэнту Бандарэнка нават паказаў чыноўнікам фотаздымкі гэтага пляцу.

Спрэчка цягнулася больш за гадзіну, пасьля чаго бакі вырашылі зрабіць перапынак, каб канчаткова ўзгадніць свае пазыцыі. Арганізатары "Маршу" вырашылі прапанаваць уладам тры варыянты шэсьце праз цэнтар гораду да Опэрнага тэатру, Палацу спорту ці стадыёну Дынама й правядзеньне там мітынгу.

Аднак улады не саступалі, і ўвесь час гаварылі, што ў адпаведнасьці з заканадаўствам могуць дазволіць апазыцыі праводзіць акцыю толькі на пляцы Бангалёр. Нарэшце апазыцыянэры вырашылі саступіць, але з умоваю, што "на Бангалёры" ім прадаставяць нармалёвае месца. Улады адразу ж прапанавалі пляцоўку каля аўтастанцыі на вуліцы Кульман і нават абяцалі забясьпечыць мітынгоўцаў гукаўзмацняльнай апаратураю.

Вось, што паведаміў нашаму радыё пасьля заканчэньня паседжаньня намесьнік старшыні Аб'яднанае Грамадзянскае партыі Аляксандар Дабравольскі…

(Дабравольскі: ) "Не магу сказаць, што мы цалкам задаволеныя, але тое, што яны спачатку наогул не хацелі нам гэтага дазваляць, прапаноўвалі не праводзіць і гэтак далей, а пасьля пайшлі на кампраміс. Гэта зьяўляецца пэўным, можа ня самым лепшым, але ўсё ж прыкладам таго, што трэба шукаць агульную мову і вырашаць пытаньне шляхам перамоваў. Таму – усё нармальна. Я думаю, што мы зможам усё арганізаваць нармальна.

Справа была ня толькі ў тым, што пляц Бангалёр – гэта тая самая рэзэрвацыя, пра якую гаварылі, але ў тым, што там зараз бруд, балота, і мы ўпэўненыя, што ўлады нічога ня зробяць, каб там людзі былі ў нармальных умовах. І калі нам дазволілі асфальтавую пляцоўку каля аўтастанцыі на вуліцы Кульман, дык гэта зьмяніла сутнасьць іх папановаў, і мы пагадзіліся. Думаю, што арганізатары змогуць нармальна арганізаваць і правесьці гэтае мерапрыемства".

Гэта быў адзін з арганізатараў "Маршу Свабоды" А. Дабравольскі.

Альгерд Невяроўскі, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG