Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 15 сакавіка 2000 г.


Алена Радкевіч, Прага

Выгукі "Жыве Беларусь!" гучэлі сёньня і ў Варшаве. Тамтэйшыя беларусы праводзілі пікет ля беларускай амбасады…

(Карманаў: ) "Пачатак на 5-ю паводле варшаўскага часу. Калі маніфэстанты ў Менску рыхтуюцца распачаць акцыю, у Варшаве, на вуліцы Атэньскай, каля беларускай амбасады ўжо распачаўся пікет пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Нягледзячы на кепскае надвор"е, – у Варшаве ці тое падае сьнег, ці то сьвеціць сонца – на акцыю выйшла каля 20-ці чалавек. Асноўны лёзунг – "Салідарнасьць зь Менскам". Арганізатарам пікету – "Малады Фронт". На акцыі прысутнічае ініцыятар акцыі – Ігар Банцэвіч. Таксама тут – Алег Батурын, афіцэр міліцыі, які на мінулым "Маршы Свабоды" выступаў на іншым баку. Чаму Алег Батурын тут?"

(Батурын: ) "Я прыйшоў падтрымаць сваіх сяброў, якія сабраліся сёньня ў Менску і сказаць ім, што я разам зь імі. І застануся зь імі назаўсёды".

(Радкевіч: ) "Скажыце, калі ласка, Алег. Калі Вы знаходзіліся ў Менску, ужо тады было вядома пра тое, што рыхтуецца "Марш Свабоды – 2". Ці была нейкая інфармацыя пра падрыхтоўку ўладаў да акцыі?"

(Батурын: ) "Так, мне было вядома, што Лукашэнка даў загад свайму намесьніку Жадобіну, каб ён зрабіў усё, каб "Марш Свабоды – 2" у Менску не адбыўся. І гэты загад ён даў у шырокай аўдыторыі. Паабяцаў, калі Жадобін ня выканае гэтага загаду, то ня будзе працаваць у міліцыі. Я сам гэта чуў".

(Радкевіч: ) "Учора ўсе жыхары Беларусі чулі даволі рэзкія выказваньні Лукашэнкі на адрас "Маршу Свабоды – 2": "Крок направа, крок налева…" і гэтак далей. Алег, Вы цяпер у Варшаве…"

(гучыць сыгнал сырэны – гэтым гукам арганізатары пікету прыцягваюць увагу да акцыі)

(Радкевіч: ) "Сыгнал перарваў нашую гутарку… Вернемся да майго пытаньня. Як лёгка было Вам выехаць зь Беларусі?"

(Батурын: ) "Зь Беларусі мне было выехаць нялёгка. Я прайшоў празь беларуска-ўкраінскую мяжу нелегальна. Легальна ня мог, бо супраць мяне была ўзбуджаная крымінальная справа. Быў абвешчаны вышук мяне. Потым я перайшоў украінска-польскую мяжу ўжо легальна. І цяпер я ў Варшаве".

(Радкевіч: ) "Вы папрасілі там палітычнага прытулку?"

(Батурын: ) "Я папрасіў палітычны прытулак у Злучаных Штатах Амэрыкі, бо Польшча – вельмі блізка да Беларусі, я баюся за сваю жыцьцё. Мне паведамілі, што трэба пачакаць. Пытаньне будзе вырашана на гэтым тыдні".

(Радкевіч: ) "Ці шмат паліцыі каля беларускай амбасады ў Варшаве?"

(Батурын: ) "Не, паліцыі ня так шмат. У параўнаньні зь Менскам – яе няма".

(Карманаў: ) "Такім чынам, вы чулі Алега Батурына, які зараз мае выступ на пікеце. Побач са мной тут знаходзіцца Ян Хлябовіч, прадстаўнік Аб"яднанай грамадзянскай партыі, які зараз вучыцца ў Варшаўскім унівэрсытэце і супраць якога ўзбуджаная крымінальная справа. Ён ня можа выехаць у Беларусь. Спадар Хлябовіч, Вам слова:"

(Хлябовіч: ) "Больш за 11 месяцаў я ня быў у Беларусі. Я ня ведаю, ці змагу адтуль вярнуцца ў Варшаву, каб вучыцца. Зараз тут, на пікеце, мы зьбіраемся зрабіць плястычную апэрацыю Лукашэнку. Мы бярэм плякат зь ягонай выявай, падкарэктуем некаторыя ягоныя рысы твару…"

(Радкевіч: ) "Я адкарэктую: вы плянуеце зрабіць плястычную апэрацыю партрэту…"

(Карманаў: ) "Я заўважу, што стасункі афіцыйнай Варшавы з афіцыйным Менскам добрымі не назавеш. У Варшаве сустрэчы адбываюцца з тымі, хто сёньня кіруе калёнамі маніфэстантаў у Менску. Польская паліцыя рэагуе на правядзеньне пікету вельмі спакойна. Паліцыянт, зь якім я толькі што пагаварыў, пажартаваў нават: "Я на вашым баку ад амбасады". Акцыя ў Варшаве завершыцца а 18.00 гадзіне паводле варшаўскага часу. Гэта – 19.00 паводле менскага часу".

Юрась Карманаў, Радыё Рацыя, Варшава

XS
SM
MD
LG