Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 сакавіка 2000 г.


Віталь Цыганкоў Валер Каліноўскі

Другое простае ўключэньне ў эфір нашага карэспандэнта, які зараз знаходзіцца ў калёне. Калёна накіроўваецца да вуліцы Сурганава.

(Цыганкоў: ) "Добры дзень яшчэ раз. Мы зараз знаходзімся ў сярэдзіне калёны. Галава калёны падыходзіць да скрыжаваньня з вуліцай Сурганава, а яе хвост яшчэ недалёка ад плошчы Якуба Коласа. Можна сказаць, што на гэты момант у акцыі бярэ ўдзел каля 15 тысяч чалавек.

Узначальвае калёну лёзунг на ангельскай мове "Мы патрабуем перамоваў пры пасярэдніцтве АБСЭ". Дарэчы, каля калёны я ўбачыў старшыню Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ спадара Віка, мы зь ім трошку пагаварылі, ён сказаў, што ягоная задача тут – абараняць і назіраць.

Сярод іншых лёзунгаў: "Лукашэнка, вярні Ганчара і Красоўскага", "Жыве Беларусь", "Не дамо нашым вайскоўцам і міліцыянтам служыць у Чачні". А цяпер я перадаю сотавы тэлефон нашаму карэспандэнту Валеру Каліноўскаму".

(Каліноўскі: ) "Добры дзень. Сёлетні Марш Свабоды праходзіць тым жа самым маршрутам, што і леташні ў кастрычніку, але ў адрозьненьне ад мінулага Маршу Свабоды настрой у дэманстрантаў больш спакойны і, нават, сьвяточны. Тым ня менш і прадстаўнікі менскай міліцыі, і арганізатары акцыі непакояцца, каб не паўтарыўся леташні фінал, калі дэманстранты былі разагнаныя сілай і былі справакаваныя на сутычкі з унутранымі войскамі.

Менская міліцыя сёньня пераведзеная на ўзмоцнены рэжым службы, а ў накірунку цэнтра гораду па праспэкце Скарыны я налічыў каля 40 армейскіх "Уралаў" з унутранымі войскамі. Відавочна, яны абараняюць квартал адміністрацыі прэзыдэнта. А тут жа па маршруце мы не заўважылі вялікай канцэнтрацыі войскаў.

Арганізатары ў сваю чаргу стварылі адмысловыя дружыны, якія акаляюць калёну і сочаць за парадкам.

Я быў сьведкам, як кіраўнік дружыны Віктар Івашкевіч сустрэўся з падпалкоўнікам міліцыі Сяргеем Гіліным, які кіруе аховай парадку. Віктар паведаміў, што яго дружына забясьпечаная сродкамі сувязі, іх больш за сотню, і яны гатовыя супрацоўнічаць зь міліцыяй дзеля падтрымкі парадку.

Падпалкоўнікі міліцыі, зь якім я размаўляў, паведаміў, што арганізатарамі акцыі зробленыя дадатковыя захады дзеля бясьпекі, і ён спадзяецца, што сёньняшняя акцыя пройдзе гэтак сама, як і нядаўні дзень Сьвятога Валянціна.

І арганізатары акцыі і прадстаўнікі ўладаў заяўляюць, што яны ўлічылі нэгатыўны досьвед кастрычніка 1999 году і спадзяюцца, што ўсё абыдзецца без правакацыяў і эксцэсаў, і ўдасца нармальна адзначыць нашае дзяржаўнае сьвята".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG