Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 сакавіка 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Адвакаткі Міколы Статкевіча й Валерыя Шчукіна падалі хадайніцтва ў гарадзкую пракуратуру аб спыненьні крымінальнае справы, узбуджанай супраць іх падабаронных за ўдзел у "Маршы Свабоды-1".

Адвакатка лідэра Сацыял-дэмакратычнае партыі Міколы Статкевіча Тацяна Станкевіч і адвакатка дэпутата Валерыя Шчукіна Тацяна Вардомская хадайнічаюць аб спыненьні крымінальнае справы з-за адсутнасьці складу злачынства.

Мікола Статкевіч і Валеры Шчукін абвінавачваюцца паводле артыкулу 186 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія пацягнулі масавыя беспарадкі). Нагадаем, што справа была ўзбуджаная адразу пасьля падзеяў 17 кастрычніка.

18 кастрычніка генэральны пракурор у наўпроставым эфіры дзяржаўнае тэлевізіі запэўніў, што арганізатары апазыцыйнай акцыі будуць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці, але гэтая пагроза зьдзейсьнілася толькі ў дачыненьні да дэпутата Валерыя Шчукіна. Некалькі арганізатараў "Маршу Свабоды" былі пакараныя або адміністрацыйнымі арыштамі, або вялізнымі штрафамі.

Адвакатка Тацяна Станкевіч паведаміла "Радыё Свабода":

"Сьледзтва ў справе Міколы Статкевіча скончанае. Мікола Статкевіч сваю віну ў арганізацыі групавых дзеяньняў, якія парушалі грамадзкі парадак, не прызнаў. Калі мы азнаёміліся з матэрыяламі крымінальнае справы, то прыйшлі да высновы, што сьледзтвам не здабытыя доказы таго, што менавіта Статкевіч рабіў такія дзеяньні і, таму не даказаная ягоная віна.

Пра гэта мы заявілі ў матываваным хадайніцтве, каб спыніць справу. Падставаю дзеля гэтага было тое, што, па-першае, Статкевіч не зьяўляўся арганізатарам акцыі, якая праходзіла 17 кастрычніка; а па-другое – і 17 кастрычніка, і 27 ліпеня (у Дзень Незалежнасьці) у Менску былі ня нейкія дзеяньні, якія парушалі грамадзкі парадак, а дэманстрацыі і мітынгі. Магчыма, пад час правядзеньня іх нейкі грамадзкі парадак і быў парушаны, але казаць пра тое, што гэта былі дзеяньні хуліганскія, скіраваныя на парушэньне грамадзкага парадку ў горадзе – немагчыма", – паведаміла адвакатка Тацяна Станкевіч.

Крымінальныя справы маладафронтаўцаў Глеба Догіля, Германа Сушкевіча і Андрэя Валабуева ўжо знаходзяцца ў гарадзкім судзе Менску. Лідэр "Народнае Грамады" Мікола Статкевіч і дэпутат Валеры Шчукін, нягледзячы на тое, што днямі ім будзе прад'яўленае канчатковае абвінавачваньне ў крымінальнай справе за ўдзел у "Маршы Свабоды" 17 кастрычніка, паведамілі "Радыё Свабода", што выйдуць заўтра на "Марш Свабоды – 2".

XS
SM
MD
LG