Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 сакавіка 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Пад эгідаю Нацыянальнага выканаўчага камітэту групаю экспэртаў распрацаваны праект пад назваю "Стратэгія для Беларусі. Канцэпцыя нацыянальнага разьвіцьця". Праект ужо распаўсюджаны сярод беларускіх і замежных палітыкаў і навукоўцаў, ён будзе абмеркаваны на міжнароднай канфэрэнцыі, якая пройдзе на гэтым тыдні ў Менску, і ў канчатковым варыянце можа быць вынесены на разгляд Усебеларускага зьезду.

Паводле словаў навуковага каардынатара праекту Сяргея Ляўшунова, "Стратэгія для Беларусі" зьяўляецца альтэрнатываю цяперашняму курсу. Нэгатыўна ацэньваючы сёньняшні стан эканамічнага й палітычнага жыцьця Беларусі, экспэрты Нацыянальнага выканаўчага камітэту прапануюць краіне шлях радыкальных пераўтварэньняў, што ўжо апрабаваныя ў сьвеце, якія адначасова былі б адаптаваныя да сёньняшніх беларускіх рэаліяў. Распрацоўшчыкі не імкнуцца знайсьці своеасаблівы беларускі шлях, прызнаючы, што "Беларусь зможа цалкам зрэалізаваць свой патэнцыял толькі ў адзінай эўрапейскай сям'і".

Гаворыць кіраўнік праекту, старшыня Нацыянальнага выканаўчага камітэту Мечыслаў Грыб:

"Мы хацелі б, каб гэтая наша канцэпцыя стала плятфомаю, праграмаю дзеяньня палітычных партыяў і грамадзкіх аб'яднаньняў, і ня толькі тых людзей, якія выступаюць супраць уладаў, але ў першую чаргу нам вельмі цікава, каб гэтую праграму падтрымалі людзі, якія цяпер больш маўчаць", – зазначыў Мечыслаў Грыб.

Сутнасьць палітычных прапановаў – вяртаньне да дэмакратычнага ладу, празрыстасьці дзяржаўнага будаўніцтва, вяршэнства закону, усталяваньне выбарнасьці мясцовых уладаў і незалежнасьці судоў – гэта тыя прынцыпы, на якіх апазыцыя сёньня гатовая аб'яднацца. Але, як прызнаюць стваральнікі гэтае канцэпцыі, пры цяперашняй уладзе іх зрэалізаваць немагчыма.

Як і многія іншыя канструктыўныя праекты апазыцыі, "Стратэгія для Беларусі" разьлічаная на пэрспэктыву. Гаворыць Мечыслаў Грыб: "Ня трэба сёньня сядзець і чакаць, калі прыйдзе час, і тады ты ўсё схопіш і пабяжыш, трэба рыхтавацца да гэтага, каб усё было падрыхтавана, зроблена: прыйдзе час – паклаў на стол, дапрацаваў і ў дзеяньне пускай…"

Стваральнікі "Стратэгіі для Беларусі" не разьлічваюць, што яна адразу будзе ўзятая на ўзбраеньне ўсімі палітычнымі партыямі й групамі, але спадзяюцца, што іхная праца абудзіць грамадзкую дыскусію ў пытаньнях балючых праблемаў нашае дзяржавы. Ужо цяпер многія палітыкі й навукоўцы пачынаюць выказваць свае заўвагі й прапановы да гэтага праекту. Гаворыць навуковы каардынатар праекту Сяргей Ляўшуноў:

"Мы ўлічвалі грамадзкія настроі і эканамічныя рэаліі, у якіх зараз існуе Беларусь, і я б не назваў гэтую праграму цалкам лібэральнай. Мы ані ў якім разе ня лічым, што гэтая канцэпцыя – гэта ўжо канчатковы адказ на ўсе пытаньні, якія ставіць жыцьцё. Менавіта мэта нашага праекту – гэта нейкую дыскусію ў грамадзтве, шырокую дыскусію ўзьняць, каб сапраўды выпрацаваць для Беларусі аптымальны шлях дзеля разьвіцьця", – мяркуе Сяргей Ляўшуноў.

Экспэрты Нацыянальнага выканаўчага камітэту спадзяюцца, што да гэтае дыскусіі далучацца ня толькі апазыцыйныя палітыкі й незалежныя навукоўцы, але й прадстаўнікі ўраду, экспэрты з шэрагу замежных краінаў, якія ўжо атрымалі запрашэньне на навукова-практычную канфэрэнцыю "Стратэгія для Беларусі", што намечана на 18 сакавіка.

XS
SM
MD
LG