Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 сакавіка 2000 г.


Аляксандар Лукашук

Мікола Ермаловіч быў уважлівым слухачом і сталым удзельнікам перадачаў Беларускай службы Радыё Свабода. Цікавіла яго і перадача "Беларускі дыялёг на Інтэрнэце". Аляксандар Лукашук успамінае.

"Слухаю вашу перадачу пра Інтэрнэт і ўсё ж такі не да канца разумею, што гэта такое і як працуе," – прызнаўся Мікола Ермаловіч пад час нашай сустрэчы пару месяцаў таму.

Ермаловіч прыйшоў на запіс адной з гістарычных гутарак і ў чаканьні вольнай студыі мы гаварылі пра праграмы беларускай "Свабоды". Як вядома, гісторык меў слабы зрок (хаця здолеў пабачыць у старажытных рукапісах тое, чаго не заўважылі цэлыя інстытуты), і з гэтае прычыны ў ягоным жыцьці радыё займала надзвычайнае месца.

Ён пакідаў абмежаваныя гадзіны (пакуль вытрымлівалі вочы) на дасьледчую працу, а не на дробны газэтны шрыфт, і вечарамі заўсёды слухаў радыё, перш за ўсё – беларускую "Свабоду".

Гістарычныя пэрспэктывы Язэпа Барэйкі, Арсеня Загорнага, Вітаўта Зубкоўскага непасрэдна супадалі зь ягоным бачаньнем гістарычнага працэсу і дапамагалі фармаваць яго. Ермаловіч быў добра абазнаны ў бурных падзеях апошняга дзесяцігодзьдзя дзякуючы таксама "Свабодзе". Ён добра арыентаваўся ў нашых праграмах, але мне выказаў адно пажаданьне, якое тычылася менавіта перадачы "Беларускі дыялёг на Інтэрнэце": расказаць больш даходліва, што гэта, як працуе, даць магчымасьць уявіць гэтую зьяву.

Культавая фігура нацыянальнага адраджэньня, Ермаловіч не працаваў на кампутары не адно з прычыны слабога зроку – якраз лёгкасьць, зь якой можна павялічваць памеры шрыфтоў на экране, была б вельмі спрыяльнай для Гамэра беларускай гісторыі. Прычыны празаічныя – адсутнасьць сродкаў, увагі.

Зразумелая цяжкасьць для чалавека, які не карыстаўся кампутрам, не падарожнічаў па Інтэрнэце, уявіць, што гэта такое. Я адказаў Ермаловічу нешта накшталт таго, што Інтэрнэт – гэта ўсясьветная бібліятэка, акадэмія, дзе кожны мае роўнае права чытаць і пісаць.

Інтэрнэт мае сотні вызначэньняў. Сёньня да іх можна дадаць яшчэ адно: Інтэрнэт – гэта і мэмарыяльная заля, і гэтым вызначэньнем мы абавязаныя чалавеку, які ў 79 гадоў жвава цікавіўся навінамі ўсясьветнага інфармацыйнага Сеціва, і цяпер мае асабістую старонку памяці ў беларускім электронным Пантэёне ХХ стагодзьдзя.

XS
SM
MD
LG