Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 сакавіка 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Адбылася сустрэча арганізатараў "Маршу Свабоды – 2" з прадстаўнікамі сталічных уладаў, пад час якой вырашаліся тэхнічныя моманты правядзеньня акцыі. У выніку ўлады і апазыцыянэры прыйшлі да згоды фактычна ва ўсіх пытаньнях правядзеньня "Маршу".

У гэтай сустрэчы бралі ўдзел арганізатары "Маршу Свабоды" Зьміцер Бандарэнка й Віктар Івашкевіч, а з боку ўладаў – намесьнік старшыні гарадзкога выканаўчага камітэту Віктар Чыкін і намесьнік начальніка менскае міліцыі Сяргей Саланец.

Яны агледзелі месца правядзеньня акцыі – асфальтавую пляцоўку ля пляцу Бангалёр – каб пераканацца, што яна прыдатная для акцыі з удзелам вялікае колькасьці людзей. Спадары Чыкін і Саланец запэўнілі арганізатараў "Маршу", што 15 сакавіка на пляцоўцы будзе ўсё неабходнае дзеля правядзеньня мітынгу…

Так, Чыкін паабяцаў, што там пабудуюць сцэну, падключаць электрычнасьць і забясьпечаць арганізатараў гукаўзмацняльнай апаратураю. Палкоўнік Саланец мусіць узяць на сябе адказнасьць за бясьпеку ўдзельнікаў "Маршу Свабоды".

Паводле словаў актывіста "Хартыі-97" Зьміцера Бандарэнкі, арганізатараў у прынцыпе задавальняюць такія ўмовы правядзеньня акцыі, і таму яны не настойвалі на арганізацыі мітынгу ў цэнтры Менску. Гаворыць Зьміцер Бандарэнка:

(Бандарэнка: ) "Быў бы варыянт ісьці на плошчу Незалежнасьці, гэта былі б сутыкненьні. У параўнаньні зь мінулым разам мы лічым гэта крокам наперад. Прычым, мы лічым, што паспрыяў ліст спадара Віка. АБСЭ прапаноўвала свае паслугі ў пасярэдніцтве для правядзеньня сустрэчы гарадзкіх уладаў з арганізатармі Маршу Свабоды-2. Улады часткова пайшлі нам насустрач, мы ў чымсьці пайшлі ім насустрач, ну і лічым, што гэта нармалёва,"

– паведаміў спадар Бандарэнка.

Арганізатары "Маршу Свабоды – 2" таксама задаволеныя дазволам уладаў на правядзеньне шэсьця. Нагадаю, што ўчора гарадзкі выканаўчы камітэт дазволіў ініцыятарам "Маршу" правесьці калёну дэманстрантаў па праезнай частцы праспэкту Скарыны, а таксама вуліцаў Сурганава і Багдановіча да месца мітынгу й рок-канцэрту, які скончыцца а 22-й гадзіне ўвечары. Удзельнік сёньняшняе сустрэчы Зьміцер Бандарэнка гаворыць, што атрыманьне гэтага дазволу ёсьць маленькай перамогаю апазыцыі. На ягоную думку, "Марш Свабоды" павінен прайсьці цывілізавана, як і належыць акцыі ў падтрымку перамоўнага працэсу. Працягвае Зьміцер Бандарэнка…

(Бандарэнка: ) "Нас задавальняе месца збору – Плошча Якуба Коласа. Нас задавальняе рух па праспэкце Скарыны і Сурганава. Таму што Марш – гэта самае галоўнае, і ў параўнаньні зь мінулым разам, калі нам дазволілі толькі мітынг на пл. Бангалёр і зараз таксама гэта папаноўвалі, я лічу, што гэта нашая перамога. Гэта першы крок. І мы нагадваем, што гэта – першая масавая акцыя вясны, і яна павінна прайсьці нармалёва, кампрамісна. Можа быць і буйная, радыкальная акцыя, якая ставіць на мэце перамовы. Я думаю, што ўлады зрабілі высновы, і ўжо мы зь імі размаўлялі, маючы за сьпіной сілу першага Маршу".

Гэта быў адзін з арганізатараў "Маршу Свабоды-2" сп.Бандарэнка.

Прадстаўнікі апазыцыі таксама лічаць, што ва ўладаў проста не было іншага выйсьця, як дазволіць акцыю. Бо ў іншым выпадку "Марш Свабоды" мог набыць канфрантацыйны характар, як гэта было 17 кастрычніка летась. А такі варыянт разьвіцьця падзеяў, на думку арганізатараў "Маршу", цяпер уладам не патрэбны, асабліва пасьля абвяшчэньня пачатку грамадзкага дыялёгу.

XS
SM
MD
LG