Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 сакавіка 2000 г.


Казімір Яноўскі, Гомельская вобласьць

Рэчыцкая міжраённая пракуратура завершыла сьледзтва ў так званай справе ўхіленьня ад службы ў войску сябры мясцовай рэлігійнай суполкі "Сьведкі Еговы" Валянціна Гулая. Справа перададзеная на разгляд судзьдзі Сьвятланы Шурпы. Так распарадзілася старшыня суду Тацяна Агрыбец.

Яшчэ задоўга да прызыву ў войска Валянцін Гулай праінфармаваў рэчыцкі вайсковы камісарыят пра свае рэлігійныя перакананьні. Прасіў даць магчымасьць прайсьці альтэрнатыўную цывільную службу, нават даўжэй як пад час вайсковай. Аднак хлопцу рэгулярна адмаўлялі.

8-га лістапада мінулага году ў лісьце на імя прызыўніка Гулая рэчыцкі гарадзкі камісар палкоўнік Бельскі паведаміў, што Закон аб альтэрнатыўнай службе ў нашай дзяржаве не прыняты. Таму няма магчымасьці даць права праходзіць альтэрнатыўную службу.

Пасьля такога адказу Валянцін Гулай пісьмова зьвяртаўся і да старшыні абласной прызыўной камісіі Ўладзіміра Давідовіча. "Паводле маіх рэлігійных перакананьняў, заснаваных на Бібліі, - пісаў у заяве прызыўнік Гулай, - я ня маю права падтрымліваць армію маральна, фізычна і фінансава. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, артыкулы 31 і 33 даюць мне права на веравызнаньне".

На гэта старшыня камісіі адказаў Валянціну Гулаю, што веравызнаньне, паводле Канстытуцыі, не вызваляе ад выкананьня абавязкаў вайсковай службы. Перапіска скончылася тым, што хлапца прызвалі ў Чыгуначнае войска, а калі ён адмовіўся браць вайсковы білет, вярнулі ў Рэчыцу, дзе пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу паводле артыкула 77 ч. 2 – "Ухіленьне ад вайсковай службы" і пасадзіла Валянціна Гулая за краты.

Карэспандэнт Радыё Свабода паспрабаваў сёньня высьветліць у сьледчага Руслана Рабянка, якім чынам ён увязаў у абвінавачваньні, перададзеным у суд, жаданьне маладога чалавека прайсьці альтэрнатыўную службу і адсутнасьць у дзяржаве адпаведнага закону.

"Я не заканадаўчы ворган, - патлумачыў Рабянок, - я выконваю закон".
Словам, пасадзіць чалавека за краты праз рэлігійныя перакананьні аказалася прасьцей, чым даць магчымасьць прайсьці альтэрнатыўную службу. І падстава для гэтага знайшлася хутка – Крымінальны кодэкс, які прадугледжвае за ўхіленьне ад вайсковай службы пакараньне ад 1-го да 5-ці гадоў пазбаўленьня волі. Канкрэтны тэрмін гэтага пакараньня і будзе вызначаць Валянціну Гулаю напрыканцы сакавіка судзьдзя Сьвятлана Шурпа. Бацька прызыўніка Васіль Гулай у лістах у ворганы пракуратуры і праваабарончыя арганізацыі зьвяртае ўвагу, што рэзалюцыя камісіі ААН у справе правоў чалавека, а Беларусь – член ААН, гаворыць, што адмова ад вайсковай службы з прычыны рэлігійных перакананьняў вызначаецца як законнае права на свабоду думак, сумленьня і веравызнаньня. Міжнародная амністыя прызнае гэтых людзей вязьнямі сумленьня. Васіль Максімавіч выказвае нават перакананьне, што сын мае праблемы праз бацькаву актыўнасьць у шэрагах апазыцыі. Васіль Гулай зьяўляецца ў Рэчыцы кіраўніком гарадзкіх суполак ліквідатараў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і Аб"яднанай Грамадзянскай партыі.

XS
SM
MD
LG