Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 сакавіка 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

7 сакавіка ўлады абвясьцілі, што частка выдаткаў, якія былі прызначаныя на ўтрыманьне дзяржаўнага апарату, будзе перададзеная ў рэзэрвовы фонд Лукашэнкі. Паводле афіцыйнай інфармацыі, гэтыя сродкі павінны быць перададзеныя на ахову здароўя.

Паводле афіцыйных крыніцаў, 10 адсоткаў выдаткаў на ўтрыманьне вышэйшых і мясцовых ворганаў улады (у тым ліку адміністрацыі "прэзыдэнта", Савету міністраў, "Нацыянальнага сходу", Кіраўніцтва справаў, Рады бясьпекі , Цэнтарвыбаркаму й Камітэту дзяржаўнага кантролю) будзе перададзена ў рэзэрвовы фонд. Згодна з тымі ж крыніцамі, агульная сума складае больш за 4 мільярды рублёў. Празь дзяржаўную тэлевізію Лукашэнка паабяцаў, што гэтыя сродкі будуць перададзеныя на ахову здароўя.

Ці рэальна, што грошы будуць адабраныя ў чыноўнікаў і перададзеныя лекарам? Адказаць на гэтае пытаньне надзвычай складана. Справа ў тым, што ў Беларусі ніхто ня можа пракантраляваць, куды йдуць дзяржаўныя грошы. Нават гэтак званы "Нацыянальны сход" пазбаўлены функцыі кантролю.

Па-другое, відавочна, што Лукашэнка ніколі ня пойдзе супраць чыноўніцкага апарату, хоць і крытыкуе яго на кожным кроку. Заробкі настаўнікаў і лекараў заўсёды былі ніжэй чым заробкі супрацоўнікаў дзяржаўнага апарату. І сёньня няма аніякіх падставаў дзеля зьмены сытуацыі. Для Лукашэнкі чыноўнікі застаюцца важнейшымі за лекараў, бо доктар можа прагаласаваць за яго аднойчы за некалькі гадоў, а чыноўнік падтрымлівае ўладу штодзённа й кантралюе сам працэс выбараў.

Лукашэнка зноў скарыстаў бюджэт на свае папулісцкія патрэбы. Пра гэта ў інтэрвію нашаму радыё распавяла дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Людміла Гразнова…

(Гразнова: ) "Ён казаў, што гэтыя сродкі будуць узятыя ад дзяржаўнага апарату. Але я вельмі сумняюся, што так будзе. У пачатку года усім дзяржаўным служачым паднялі заробак, ім паднялі кляснасьць. І тут яшчэ ёсьць вялікае пытаньне: як гэта прэзыдэнт можа перакідаць грошы ў бюджэце? Што гэта – ягоныя асабістыя гроршы? Гэта – народныя грошы. Гэта – поўнае парушэньне закону аб бюджэце, гэта – прапагандысцкі трук, таму што сёньня вельмі дрэннае становічша ў галіне аховы здароўя".

XS
SM
MD
LG