Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 сакавіка 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Пасьля пяцідзённага арышту й галадоўкі выйшлі на свабоду ўдзельнікі несанкцыянаванага пікету ля адміністрацыі Лукашэнкі Леанід Малахаў і Піліп Клікушын. Трэці ўдзельнік той акцыі, Цімох Дранчук, з чэрапна-мазгавой траўмаю ў нядзелю быў дастаўлены са спэцпрымальніка ў шпіталь.

Як паведаміў сам Цімох Дранчук, пасьля таго, як судзьдзя Алена Церашкова ў пятніцу асудзіла іх на 5 сутак арышту за арганізацыю пікету ў падтрымку зьніклых Ганчара, Захаранкі й Красоўскага, апазыцыянэраў адвезьлі ў Ленінскі раённы аддзел Менску, дзе на працягу шасьці гадзінаў трымалі ў цеснай камэры. А 19-й гадзіне ўвечары арыштантаў пасадзілі ў спэцмашыну й паехалі па іншых сталічных пастарунках зьбіраць такіх жа зьняволеных.

Паводле словаў спадара Дранчука, п'яныя вартавыя, якія ўжо сьвяткавалі дзень міліцыі, усяляк зьдзекваліся з арыштаваных са скаванымі за сьпіною рукамі, штурхалі іх, абражалі й г.д. Дранчук спрабаваў заступіцца за сваіх сукамэрнікаў, але гэты ўчынак яму дорага каштаваў. Пад час аднаго з прыпынкаў, калі канвой выгружаў каля турмы групу вязьняў, адзін зь міліцыянтаў моцна ўдарыў нагою па дзьвярах спэцмашыны, каля якіх сядзеў Дранчук. Дзьверы патрапілі Цімоху па галаве, і ад гэтага ўдару ён ледзь не згубіў прытомнасьць.

У спэцпрымальнік арыштантаў прывезьлі толькі а 2-й гадзіне начы. У камэры спадару Дранчуку стала зусім блага, але ахоўнікі выклікаць хуткую дапамогу адмовіліся. Брыгаду лекараў Цімоху выклікалі толькі праз суткі, і тое – толькі пасьля настойлівых патрабаваньняў сукамэрнікаў.

Машына хуткае дапамогі адвезла Дранчука ў лякарню дзе яго спачатку шпіталізавалі, але потым адпусьцілі лячыцца дахаты. У бліжэйшы час Цімох Дранчук мае намер падаць скаргу ў Менскую гарадзкую пракуратуру на дзеяньні міліцыянтаў, якія нанесьлі яму цялесныя пашкоджаньні ды йгнаравалі просьбы аб мэдычнае дапамозе.

Вось што думае Цімох Дранчук адносна такіх брутальных паводзінаў ахоўнікаў парадку…

(Дранчук: ) "Яны ўжо звыкліся са сваім становішчам у краіне. Яны цалкам упэўненыя ў сваёй беспакаранасьці, і сапраўды бачна было, што ім падабаецца такім чынам зьдзеквацца, паказваць, што яны галоўныя, што ім ніхто нічога ня можа зрабіць. Акрамя таго, яны сапраўды былі ў нецьвярозым стане, усе трое. Яны ўжо сьвяткавалі такім чынам дзень міліцыі, і гэта, на іх погляд, было лепшым адзначэньнем, і яны зьдзекваліся з арыштантаў".

– паведаміў спадар Дранчук.

Тым часам два іншыя ўдзельнікі акцыі – Леанід Малахаў і Піліп Клікушын, якія пяць дзён трымалі галадоўку, – сёньня выйшлі на волю. Паводле іхных словаў, самым цяжкім момантам было шасьцігадзіннае падарожжа ў той спэцмашыне, а таксама мінусавая тэмпэратура ў камэры спэцпрымальніка. Галадоўка, паводле словаў былых вязьняў, пераносілася лягчэй.

Вось што паведаміў Леанід Малахаў пра сваё самаадчуваньне пасьля выхаду на свабоду: "Трохі кружыцца галава, але мы радыя, што змаглі гэта зрабіць на знак салідарнасьці зь Віктарам Ганчаром" – сказаў спадар Малахаў.

Сярод тых, хто сустракаў сёньня спадароў Малахава й Клікушына каля спэцпрымальніка, была й жонка зьніклага Анатоля Красоўскага Ірына. Вось, што яна паведаміла нашаму радыё:

"Я ім вельмі ўдзячная, хаця б за тое, што яны не забываюць пра гэтых людзей, у тым ліку і пра майго мужа. Вельмі добра, што ёсьць такія людзі, што не даюць грамадзтву забыць пра Ганчара, Захаранку й Красоўскага, нават у такіх умовах, калі няма аніякай інфармацыі пра зьніклых".

Гэта была Ірына Красоўская, жонка прадпрымальніка Анатоля Красоўскага, які зьнік разам зь Віктарам Ганчаром амаль 6 месяцаў таму.

XS
SM
MD
LG