Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 сакавіка 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Пытаньне пра магчымы ўдзел беларускіх будаўнікоў у аднаўленьні Чачні застаецца адкрытым. Расейскае і беларускае кіраўніцтва абвяргаюць існаваньне пэўных дамоўленасьцяў пра адпраўку на Паўночны Каўказ беларускіх будаўнікоў. Аднак, паводле нашых крыніцаў, такі праект існуе.

Канчатковыя дамоўленасьці пра ўдзел Беларусі ў аднаўленьні Чачні пакуль не дасягнутыя. Пад час візыту ў Менск віцэ-прэм'ера расейскага ўраду Мікалая Кошмана абвешчана, што рашэньне будзе прынятае на працягу месяца.

Супрацоўніцтва найперш прадугледжвае, што Беларусь будзе пастаўляць у Чачню будаўнічыя матэрыялы й тэхніку. Расея прапанавала тры варыянты разьлікаў. Магчыма, што пастаўкі будуць залічаныя як пагашэньне беларускай запазычанасьці за расейскі газ. Магчымая таксама аплата па лізінгу або грашыма. Дзеля таго, каб атрымаць неабходныя сродкі, расейцы ўжо прадалі некалькі эшалонаў чачэнскае нафты й атрымалі за яе больш за 23 мільёны даляраў.

Дамоўленасьць пра сыстэму аплаты мяркуецца дасягнуць пасьля таго, як будзе вырашана пытаньне пра аб'ёмы беларускіх паставак у Чачню.

У праекце пратаколу ёсьць пункт пра тое, што беларускія будаўнікі могуць добраахвотна ўдзельнічаць у аднаўленьні Чачні з аплатаю паводле кантракту.

Праўда, пад час візыту ў Менск Мікалай Кошман заявіў, што ўдзел беларускіх будаўнікоў не прадугледжаны. Ён сказаў – "там хапае і сваіх будаўнікоў". Абвяргаюць гэта і прадстаўнікі беларускага ўраду. Аднак існуе верагоднасьць таго, што беларускія будаўнікі паедуць працаваць у Чачню добраахвотна, калі ім прапануюць за гэта добрыя грошы.

XS
SM
MD
LG