Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 сакавіка 2000 г.


Аляксандар Старыкевіч, Менск

Афіцыйныя ўлады неаднаразова абвяргалі магчымасьць вяртаньня ў Беларусь ядравай зброі. Аднак ёсьць падставы сумнявацца ў шчырасьці заяваў цяперашняга кіраўніцтва краіны.

Вайсковае лётнішча ў Мачулішчах добра вядомае жыхарам беларускае сталіцы. Калісьці там месьціўся полк стратэгічных бамбавікоў, а ў адмысловым сховішчы знаходзіліся ядравыя баегалоўкі. Пасьля вываду расейскіх войскаў яно ўжывалася дзеля іншых мэтаў. Але цяпер для рыштунку, які там захоўваўся, тэрмінова рыхтуецца новае памяшканьне. Паводле некаторых зьвестак, сховішча мае быць гатовым дзеля выкарыстаньня ў адпаведнасьці зь першапачатковым прызначэньнем.

Таксама супольная камісія расейскага ды беларускага міністэрстваў абароны наведала аналягічны аб'ект у Быхаве. Выглядае, што некаторыя сілы ствараюць перадумовы для вяртаньня ядравай зброі ў Беларусь.

Спэцыялісты сьцьвярджаюць, што з тэхнічнага пункту гледжаньня ізноў прывезьці ракеты ў Беларусь вялікай праблемы не складае. Складанасьці йснуюць з-за таго, што адпаведная інфраструктура не падтрымлівалася ў належным стане. Аднак стартавыя пляцоўкі ды шахтавыя ўстаноўкі не разбураныя.

Як мяркуюць некаторыя ваенныя экспэрты, разьмяшчаць ракеты на ранейшых пазыцыях – тактычнае глупства. Усе іхныя каардынаты ўказаныя на мапах Паўночна-Атлянтычнага блёку, які расейскія генэралы ўважаюць за найбольш верагоднага праціўніка. Іншая справа – мабільныя ракетныя комплексы ды стратэгічная авіяцыя. Таму падзеі вакол лётнішчаў у Мачулішчах ды Быхаве насьцярожваюць.

І зусім іншае гучаньне набываюць нядаўнія амаль сінхронныя заявы Ўладзімера Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што Расея гатовая бараніць Беларусь пры дапамозе ядравай зброі. Як сьцьвярджаюць крыніцы, блізкія да вышэйшага кіраўніцтва краіны, гэта могуць быць ня проста словы. Ня выключана, што на гэты конт ужо існуюць канкрэтныя дамоўленасьці, што трымаюцца ў вялікім сакрэце.

На першы погляд, сцэнар зь вяртаньнем ядравай зброі ў Беларусь падаецца неверагодным. Але толькі на першы. Варта ўзгадаць леташні марш расейскіх дэсантнікаў на Прышціну, дзе яны занялі вайсковае лётнішча. Верагодна, што гэткім жа чынам падзеі могуць разгортвацца і ў Беларусі. Крэмль ізноў без усялякіх узгадненьняў з Захадам паставіць сьвет перад фактам. Натуральна, што Лукашэнку такі варыянт цалкам задаволіць. Адзінай перашкодаю зьяўляецца Канстытуцыя краіны, згодна зь якой Беларусь абвешчана нэйтральнай бязьядравай дзяржаваю. Але хіба гэта праблема для афіцыйных Масквы ды Менску?

Аляксандар Лукашэнка неаднаразова называў вывад ядравай зброі з тэрыторыі Беларусі памылкаю. Выглядае, што яна можа быць выпраўленая з дапамогаю расейскага генэралітэту, які марыць пра павялічэньне сфэры свайго ўплыву. Ядравыя, так бы мовіць, "гульні патрыётаў" маюць шанец атрымаць працяг ужо ў блізкай будучыні.

XS
SM
MD
LG