Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 сакавіка 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Міжнародная супольнасьць працягвае назіраць за палітычнай сытуацыяй у Беларусі. Аб'яўлена, што ў красавіку Менск наведае дэлегацыя "тройкі" Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.

Паводле зьвестак, атрыманных сёньня ў Кансультацыйна-назіральнай групе АБСЭ, у красавіку плянуецца візыт у Менск яшчэ аднае парлямэнцкае "тройкі". Гаворка ў дадзеным выпадку йдзе пра "тройку" Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Гэта значыць, што ў склад дэлегацыі ўвойдуць прадстаўнік Аўстрыі – дзяржавы, якая цяпер старшынюе ў АБСЭ, Нарвэгіі, якая старшынявала летась, і Румыніі, якая будзе ўзначальваць АБСЭ пасьля Аўстрыі. Мэта прыезду міжнароднае місіі вядомая – назіраньне за сытуацыяй у краіне, дапамога ў стварэньні клімату даверу.

"Тройка" АБСЭ меркавала наведаць Беларусь раней, але выбары ў Аўстрыі, пасьля якіх дзейны старшыня АБСЭ Вольфганг Шусэль узначаліў урад і саступіў сваё месца ў міжнароднай арганізацыі новаму міністру замежных справаў Бэніце Фэрэра-Валднэр, адцягнулі гэтую падзею.

Між тым, хутка можна чакаць новага візыту ў Менск і тае "тройкі", якая пакінула Беларусь 4 сакавіка. Старшыня рабочае групы ў справах Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Адрыян Севярын, які выступаў у ролі неафіцыйнага кіраўніка дэлегацыі трох эўрапейскіх арганізацыяў, у менскім аэрапорце ўжыў менавіта гэтае слова – "хутка". А кіраўнік Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі Ганс-Георг Вік, разьвітваючыся зь Севярынам, назваў прыезд "тройкі" добрай падзеяй і выказаў спадзеў, што "тройка" неўзабаве зноў прыедзе ў Менск.

Што тычыцца спадара Севярына, дык ён на 9 сакавіка запрошаны са справаздачаю ў Кангрэс Злучаных Штатаў Амэрыкі, дзе будзе абмяркоўвацца сытуацыя ў Беларусі. На гэтых слуханьнях ад Вярхоўнага Савету Беларусі маюць намер прысутнічаць Сямён Шарэцкі, Анатоль Лябедзька й Станіслаў Шушкевіч.

У беларускім кантэксьце цікавай выглядае і паездка спадара Віка з 8 па 14 сакавіка ў Вену, дзе месьціцца штаб-кватэра АБСЭ. Паводле словаў аднаго з супрацоўнікаў Кансультацыйна-назіральнае групы, спадар Вік едзе ў Вену дзеля ўзгадненья новай ініцыятывы – правядзеньня пад эгідаю КНГ "круглага стала", паралельнага таму, які ладзяць беларускія ўлады. Паводле майго суразмоўцы, калі ініцыятыва Віка будзе падтрыманаая, ён можа абвясьціць пра яе 16 сакавіка, пад час чарговага паседжаньня Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў.

XS
SM
MD
LG