Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 сакавіка 2000 г.


Вітаўт Кіпель, Ню-Ёрк

На думку Вітаўта Кіпеля, дырэктара Беларускага Інстытуту навукі і мастацтва ў Ню-Ёрку, працы Міколы Ермаловіча маюць усясьветнае значэньне. Ён згадвае…

Гэта асаблівая страта для беларускай навукі, асабліва, для навукі дзяржаўніцкае плыні. Зь Міколамс Ермаловічам асабіста я знаёмы ад 1991 году, калі ўпершыню ў траўні тога году мы, група з Амэрыкі, прыехалі ў Беларусь, на кангрэс беларусістаў у Менску. Гэта было спатканьне з Бацькаўшчынай пасьля блізу 50-гадовай разлукі.

Тады якраз валкавалася, выходзіла ў сьвет Ермаловічава "Старажытная Беларусь", і ён азнаёміў нас зь некаторымі прынцыпамі і структурай гэтай кнігі, што, безумоўна, мы адразу падтрымалі.

Мікола Ермаловіч ад 91 году раптоўна стаўся ведамым і на Захадзе, бо ягоная кніга адразу ж зрабіла моцнае ўражаньне ў навуковых колах Амэрыкі і Канады. Бадай на кожнай канфэрэнцыі, на кожнай сустрэчы славістаў і неславістаў ягоная кніга абмяркоўвалася, абмяркоўваліся ягоныя пагляды, ягоная тэхніка, ягоны спосаб думаньня ў фармаваньні беларускай дзяржаўнасьці.

І мушу сказаць, што ён – адзін зь першых, хто дапамог замацаваць, ці ўклаў свае цагліны у замацаваньне ідэі нашай дзяржаўнасьці. Якраз Мікола Ермаловіч наступнымі сваімі працамі разьбіваў тыя канцэпцыі, што Беларусь ніколі ня мела свае дзяржавы. Ягоную кнігу можна знайсьці ў сотнях бібліятэкаў Амэрыкі, Канады, а таксама, як казалі славісты, яна патрапіла ў Паўднёвую Амэрыку.

Для беларускай гістарыяграфіі, для беларускай нацыі гэта – велізарная згуба. Мікола Ермаловіч застанецца тым слупом (у навуковым бачаньні гэтага слова), на які будуць спасылацца, аглядацца, глядзець яшчэ шмат пакаленьняў беларускіх гісторыкаў.

XS
SM
MD
LG